Ван Рампей: Еўрасаюз цалкам пераасэнсуе свае адносіны з Расіяй

09.04.2014 / 08:59

Пасля таго, што адбылося ў Крыме, Еўрапейскі Саюз павінен цалкам пераасэнсаваць свае адносіны з Расіяй, заявіў у аўторак у Вене старшыня Еўрапейскай рады Херман Ван Рампей.

Выступаючы з прамовай у Аўстрыйскай асацыяцыі замежнай палітыкі і ААН, кіраўнік найвышэйшага органа ЕС адзначыў дзве асноўныя задачы, якія аб'яднаная Еўропа тэрмінова вырашае з амерыканскімі партнёрамі: паменшыць залежнасць ад расейскага газу і заключыць трансатлантычны дагавор аб свабодным гандлі і інвестыцыях.

«У апошняе дзесяцігоддзе мы шмат інвеставалі ў добрыя адносіны з Расеяй (падтрымалі яе ўступленне ў СГА; прапанавалі Партнёрства для мадэрнізацыі). Мы былі гатовыя заключыць з ёй новае пагадненне. На жаль, у Расеі, як аказалася, іншыя мэты, яна спрабуе аднавіць былы парадак свету. Але мінулае ніколі не вяртаецца», — адзначыў Ван Рампей.

Паводле яго слоў, крызіс вакол Украіны «выклікае сур'ёзную заклапочанасць, пагражае міру і бяспецы на еўрапейскім кантыненце, навявае ўспаміны пра старонкі гісторыі, з якімі, як мы думалі, даўно пакончана».

Ван Рампей падкрэсліў, што падпісанне палітычнай частцы Пагаднення аб асацыяцыі паміж ЕС і Украінай было знакам прызнання «імкнення ўкраінскага народа жыць у краіне, якая кіруецца каштоўнасцямі, дэмакратыяй, вяршэнствам права». ЕС прызнаў імкненне украінцаў да годнага існавання як нацыі і еўрапейскага ладу жыцця.

На думку кіраўніка Еўрапейскай рады, менавіта адмова тагачаснага ўкраінскага кіраўніцтва падпісаць пагадненне ў лістападзе мінулага года стала прычынай масавых пратэстаў і спарадзіла Еўрамайдан.

«Гэта было сапраўды дэмакратычнае паўстанне народа, які больш не мог трываць таго, як ім кіравалі. Адбыўся палітычны і культурны зрух. Канфлікт дзвюх палітычных культур», — адзначыў ён.

«Гэта быў іх выбар. Ён не быў ні навязаным, ні дасягнутым шляхам маніпуляцыі, правакацыі або гвалту», — сказаў Ван Рампей.

Паводле яго слоў, Пагадненне аб асацыяцыі з ЕС не даецца Украіне за так. Краіна павінна выканаць жорсткія крытэрыі і пастаўленыя мэты: «Мы не даем грошай у доўг без умоваў, як гэта робіць Расія».

Ён нагадаў, што ЕС выдзеліў Украіне макрафінансавую дапамогу, зняў мытныя бар'еры на шляху ўкраінскіх тавараў у Еўропу, выступіў гарантам крэдыту МВФ. Але Украіна павінна прайсці нялёгкі шлях рэформаў, на якім пагадненне з ЕС згуляе ролю компаса.

Што тычыцца Расіі, то кіраўнік Еўрапейскай рады нагадаў пра «трохступеневы план» санкцый ЕС, дзве прыступкі якога ўведзены ў дзеянне, а трэцяя, якая прадугледжвае шырокамаштабныя эканамічныя меры, рыхтуецца на выпадак далейшай дэстабілізацыі Украіны з боку Расеі.

«Гэта пытанне гатоўнасці. Як паказваюць апошнія падзеі, ва Украіне ўсё яшчэ неспакойна, і ніводзін з бакоў не павінен скарыстацца гэтым», — падкрэсліў ён.

Ван Рампей сказаў, што санкцыі — не самамэта, а сродак прасоўвання да мэты: мірнага ўрэгулявання крызісу з захаваннем суверэнітэту Украіны і міжнароднага права.

Ён лічыць, што гэты замежнапалітычны крызіс ужо пацягнуў за сабой ўнутраныя наступствы для Еўропы, у тым ліку пазітыўныя.

Напрыклад, Еўрапейская рада прыняла, нарэшце, рашэнне паглыбіць энергетычную палітыку ЕС у кірунку «энергетычнага саюза», паменшыць залежнасць ад расейскага газу (Расія пастаўляе каля 30 працэнтаў ад усяго газу, што спажываецца ў Еўропе).

«Расея выкарыстоўвае газ у якасці палітычнага інструмента», — упэўнены Ван Рампей.

«Мы даручылі Еўракамісіі распрацаваць канкрэтны план ліквідацыі гэтай энергетычнай рызыкі, напрыклад, выступаючы адзінай камандай пры заключэнні газавых кантрактаў», — паведаміў ён.

СГ