Распачатая працэдура банкруцтва «Кравіры»
09.04.2014 / 09:13
Эканамічны суд Мінска адкрыў конкурсную справу ў дачыненні да ЗТАА «Кравіра». Першы сход крэдытораў прызначаны на 12 чэрвеня.
ЗТАА «Кравіра» было зарэгістравана ў Беларусі яшчэ ў 1994 годзе. Асноўным суўласнікам кампаніі быў сірыйскі бізнэсовец Юсэф Ніда Амін, які таксама з'яўляецца старшынёй Сірыйскай грамады ў Беларусі.
ЗТАА «Кравіра» было найбуйнейшым сірыйскім бізнесам у Беларусі. Ён пачынаўся пры падтрымцы аднаго з самых вядомых прэзідэнцкіх заггаспаў Івана Ціцянкова. Юсэф Ніда Амін быў асабіста з ім добра знаёмы і менавіта на той час, калі Ціцянкоў кіраваў справамі прэзідэнта, прыпадае асноўны ўздым бізнэсу «Кравіры».
Нягледзячы на тое, што «Кравіра» — шматфункцыянальны холдынг, які мае ў сваім актыве і казіно, і клуб, і рэстаран, і сетку піцэрый, і нават медыцынскі цэнтр, менавіта будаўніцтва было яго асноўным актывам.
Падзенне будаўнічага кірунку «Кравіры» пачалося з 2011 года, калі назапасілася шмат прэтэнзій і дзяржаўныя органы пачалі выстаўляць іх фірме.
На працягу апошніх трох гадоў Юссеф Ніда Амін актыўна распрадаваў свае актывы, імкнучыся разлічыцца з даўгамі. Аднак, падобна, гэта не дапамагло.
Як паведаміў Эканамічны суд Мінска, конкурсная справа ў дачыненні да ЗТАА «Кравіра» была адкрыта 27 лютага бягучага года. Цяпер кіраўнік прымае прэтэнзіі ад крэдытораў «Кравіры», пасля чаго будзе вызначаны парадак задавальнення іх патрабаванняў.