Канада высылае расійскага дыпламата

Канадскія ўлады абвясцілі персонай нон грата і загадалі пакінуць краіну цягам двух тыдняў расійскаму дыпламату, памочніку ваеннага аташэ, падпалкоўніку Юрыю Безлеру.

09.04.2014 / 09:59

Пра гэта паведамляе Інтэрфакс са спасылкай на канадскае выданне «Атава Сітызэн».

Паводле дадзеных выдання, ён з'яўляецца адным з трох супрацоўнікаў ваеннага аташата пры пасольстве РФ у Канадзе.

Пры гэтым газета адзначае, што няясна, было яго адкліканне звязанае з падзеямі на Украіне ці з інцыдэнтам з расійскім дыпламатам Андрэем Гарабцом, які атрымаў нажавыя раненні ў выніку нападу рэзервіста Узброеных сіл Канады Кевіна Марціна 14 сакавіка ў фае жылога дома, дзе пражываюць супрацоўнікі пасольства РФ у Канадзе.

Як ужо паведамлялася, у сакавіку Атава запатрабавала ад'езду дзевяці расійскіх вайскоўцаў, якія знаходзіліся ў Канадзе па лініі двухбаковага ваеннага супрацоўніцтва ў сувязі з уваходжаннем Крыма ў Расію.

Паводле дадзеных выдання, Ю. Безлер працаваў у пасольстве РФ у Канадзе менш за год.

Нагадаем, у сакавіку Канада ўвяла санкцыі ў дачыненні да сямі расійскіх і трох крымскіх службовых асоб, якія «нясуць палітычную адказнасць за крызіс» ва Украіне.

Санкцыі прадугледжваюць забарону на ўезд на тэрыторыю Канады і замарожванне актываў гэтых чыноўнікаў.