За адмену нафтапошліны Беларусь можа паплаціцца сваімі заводамі
Беларусь патрабуе ад Расіі адмовы ад пошлін на экспарт нафтапрадуктаў. У Расіі ў адказ ёсць некалькі варыянтаў дзеянняў.
09.04.2014 / 10:11
Самы просты з іх — пайсці на саступку, запатрабаваўшы кампенсацыі ў выглядзе продажу беларускіх НПЗ, лічаць расійскія аналітыкі.
Беларусь спадзяецца, што інтэграцыя з Расіяй у рамках ЕўрАзЭС прынясе ёй вялікія бонусы ў выглядзе адмены ўсіх абмежаванняў у гандлі.
Больш за ўсё наша краіна чакае адмены выманняў экспартных пошлін, якія Беларусь плаціць пры продажы нафтапрадуктаў за межы МС.
Расія рабіць гэта не спяшаецца, аднак апошнім часам беларускі бок усё больш настойліва звяртае ўвагу суседкі на яе інтэграцыйныя абавязанні.
Кіраўнік Беларусі яшчэ ў мінулым годзе казаў: «Пуцін абяцаў — з 1 студзеня 2014 прыбіраем усе канфіскацыі і абмежаванні ў гандлі… У адваротным выпадку мы Мытны саюз не пацягнем, калі не будзем бачыць ад яго эканамічнага эфекту». Паводле словаў Лукашэнкі, калі б Беларусь не пералічвала ў бюджэт РФ мыты ад экспарту нафтапрадуктаў, «мы б ужо Эміраты тут маглі б пабудаваць».
Пра тое, што збіраецца рабіць Масква, расійскія аналітыкі разважалі 8 красавіка ў Мінску на канферэнцыі «Нафтаперапрацоўка і экспарт нафтапрадуктаў», арганізаванай кампаніяй Confidence Capital.
Ці пацягне Расія свабодны рынак?
Проста адмовіцца ад выплаты Беларуссю пошлін Расіі нявыгадна. Здавалася б, сума гэтых пошлін для Расіі невялікая — каля 3 млрд даляраў. Аднак расійскі Мінфін кажа, што пры такім сцэнары магчымы рээкспарт беларускіх нафтапрадуктаў, што прывядзе да страт у 40 млрд. А гэта ўжо велізарная сума.
Каб пазбегнуць гэтых страт, Расія можа цалкам адмяніць пошліны для ўсіх гульцоў і пачаць працаваць на ўмовах свабоднага рынку. Маўляў, раз ужо адмяняць для Беларусі абмежаванні, то адмяняць і прывілеі. Пра такую магчымасць заяўляў намеснік міністра фінансаў РФ Сяргей Шаталаў: «Пакуль дамоўленасці не дасягнутыя і разглядаюцца розныя сцэнары. У залежнасці ад таго, якія будуць рашэнні, мы можам альбо паступова працягваць мадыфікаваць ПЗКВ і экспартную пошліну, альбо ісці на больш рэзкія крокі». Сцэнар «больш рэзкіх крокаў» расійскія эксперты ўжо празвалі «Вялікім падатковым манеўрам».
Праўда, для Расіі гэты сцэнар тоіць вялікую небяспеку.
Па словах спецыялістаў, пасля адмены пошліны ПЗКВ вырасце ў трохразовым памеры, што прывядзе да росту цэн на ўнутраным рынку да ўзроўню рынку сусветнага. У гэтым выпадку можна знізіць акцызы на продаж, але да істотнага патаннення для расійскіх спажыўцоў гэта не прывядзе.
Мала таго, у гэтым выпадку нафтавым кампаніям стане больш выгадна экспартаваць нафту не з Расіі, а з Беларусі і Казахстана.
Трэці шлях — па цане беларускіх НПЗ
Сяргей Агібалаў, спецыяліст Інстытута энергетыкі і фінансаў РФ, лічыць рызыкоўным для Расіі ісці па вышэйапісаным сцэнары. Ён, як і многія эксперты, прапануе іншы варыянт. «Можна проста сказаць, што ў нас дружба і мы гатовыя і далей падтрымліваць беларускую эканоміку. У такім выпадку проста адмовіцца ад вяртання пошліны з беларускіх нафтапрадуктаў. Тры мільярды — невялікая страта, затое не давядзецца пераворваць увесь агарод».
Аднак за такую дабрыню Расіі «дарэчна запатрабаваць кампенсацыю іншага роду». Гаворка ідзе аб продажы беларускіх НПЗ расійскім інвестарам.
Па словах эксперта, такія гутаркі з двух бакоў вядуцца даўно, і Беларусь ужо зрабіла сустрэчную прапанову, ацаніўшы Мазырскі НПЗ у 4 млрд даляраў з інвестыцыйнай нагрузкай плюс 10 млн тон магутнасцяў.
Расійскім аналітыкам гэтая цана здаецца завышанай.
У доказ яны ківаюць у бок падобных угодаў на сусветным рынку. Напрыклад, «Раснафта» пры куплі актываў венесуэльскай кампаніі аддала за тону перапрацоўкі каля 80 млн далялараў. У гэтым годзе «Лукойл» купіў рэшту акцый сіцылійскіх НПЗ па цане каля 160 млн за тону перапрацоўкі. Самую дарагую ўгоду правёў «Сургутнафтагаз», які прадаў свае венгерскія актывы па цане каля паўмільярда даляраў. «Але гэта былі вельмі развітыя НПЗ, якія працуюць на перспектыўных рынках, з вялікім пакетам у рытэйле (у іх шмат уласных заправак), — падкрэсліў Сяргей Агібалаў. — У Мазырскага НПЗ такога прыемнага дапаўнення няма, таму яму лагічна выставіць цану хаця б у 150 млн даляраў за тону». У гэтым выпадку агульны кошт не павінны перавысіць 1,7 млрд даляраў. Што відавочна далёка ад запытаных 4 млрд з інвестыцыйным цяжарам.
Інфармацыя па справе
Згодна з міжурадавым пагадненнем РБ і РФ, з 2011 года пошліны на пастаўкі нафты ў Беларусь адмяняюцца. Затое Беларусь абавязваецца аддаваць Расіі пошліну ў выпадку экспарту прадуктаў з расійскай нафты за межы МС.
Паводле падліках экспертаў, у 2013 годзе бязмытны ўвоз нафты і экспарт нафтапрадуктаў дазволіў беларускай эканоміцы атрымаць 8,3 млрд даляраў дадатковага прыбытку, з якіх 3,3 млрд давялося пералічыць у расійскі бюджэт.