Пры нападзе ў школе Пенсільваніі параненыя 20 чалавек ВІДЭА

09.04.2014 / 18:13

Каля дваццаці навучэнцаў пацярпелі ў выніку нападу невядомага ў адной са школ амерыканскага штата Пенсільванія на ўсходзе ЗША. 

Інцыдэнт адбыўся ў навучальнай установе Franklin Regional High School ў прыгарадзе Піцбурга, паведамляе BBC. Паліцыя ўжо затрымала падазраванага. Паводле папярэдняй інфармацыі, ім аказаўся адзін з вучняў школы. 

Нажавыя раненні рознай ступені цяжкасці атрымалі падлеткі ва ўзросце 14—17 гадоў. Як мінімум восем з іх быі параненыя ў тулава. Двое зняходзяцца ў цяжкім стане. Параненыя дастаўленыя ў бальніцу. Школа часова зачыненая, яе будынак аглядаецца паліцыяй. 

На кадрах, паказаных па мясцовым тэлебачанні, відаць, як вучні школы сабраліся групамі каля будынку, а побач з імі стаяць машыны хуткай дапамогі.

Як паведамляецца, нападнік меў два нажы. Ён затрыманы і дапытваецца.