На Брацкіх могiлках паўстане каплiца
Такое рашэньне было прынятае прыканцы мiнулага тыдня ў Мiнiстэрстве культуры.
30.10.2007 / 11:53
Памiж вулiцамi Старавiленскi тракт i Чарвякова ў Мiнску знаходзяцца могiлкi
— Мы запрасiлi прадстаўнiкоў Мiнскай епархii Беларускай праваслаўнай царквы, Мiнгарвыканкама, праекцiроўшчыкаў i заказчыкаў работ — УКБ Цэнтральнага раёна, — расказала «Звяздзе» намеснiк начальнiка Упраўлення па ахове гiсторыка‑культурнай спадчыны i рэстаўрацыi Мiнiстэрства культуры Аксана Сматрэнка. — Абмеркавалi праект добраўпарадкавання i пагадзiлiся, што яго неабходна дапоўнiць будаўнiцтвам каплiцы. Праекцiроўшчыкам рэкамендавалi да канца года распрацаваць i прадставiць некалькi варыянтаў дапоўненага праекта, пасля чаго зацiкаўленыя бакi зноў збяруцца i выберуць канчатковы. План добраўпарадкавання могiлак прадугледжвае абазначэнне тэрыторыi ў забудове жылога квартала, лёгкую агароджу, будаўнiцтва якой не кране культурны слой, каб не турбаваць астанкi. Будзе ўладкавана дарожка да дома № 23 па вулiцы Чарвякова, у цэнтры якой, хутчэй за ўсё, i паўстане каплiца‑помнiк.
— Я цалкам згодны з вынiкамi пасяджэння, — пракаментаваў рашэнне Мiнiстэрства культуры галоўны архiтэктар праекта добраўпарадкавання тэрыторыi Брацкiх могiлак Мiкалай Дзядко. — Мы запраектавалi добраўпарадкаванне, а трэба рабiць мемарыял, хай i невялiкi. I мы гатовы ўнесцi тыя элементы у праект, пра якiя нас прасiлi ўдзельнiкi пасяджэння, як толькi да нас паступiць заказ. Размова iдзе пра малыя формы ў гранiце i праект праваслаўнай каплiцы, на сценах якой будуць размешчаны iмёны тых, хто пахаваны на могiлках. Хутчэй за ўсё, каплiца будзе запланавана невялiкая, але дастатковая для таго, каб там адбывалiся памiнальныя набажэнствы.
Клiр найблiжэйшага да гэтага месца Свята‑Магдалiнiнскага прыхода выказаў гатоўнасць абслугоўваць будучую каплiцу. Дарэчы, гiстарычна так i было: свяшчэннiкi са Свята‑Магдалiнiнскай царквы адпявалi воiнаў i служылi панiхiды на Мiнскiх вайсковых брацкiх могiлках.