ПАРЕ прагаласавала за неадкладнае вывядзенне Расіяй войскаў з Крыма

09.04.2014 / 21:28

Парламенцкая асамблея Рады Еўропы ў сераду прагаласавала за неадкладны вывад расейскіх войскаў з Крыма ў сувязі з дэнансацыяй пагадненняў па Чарнаморскім флоце.

Такую папраўку, ініцыяваную ўкраінскай дэлегацыяй, у тэкст рэзалюцыі па Украіне асамблея прыняла большасцю галасоў: 140 — за, 32 — супраць, 9 — устрымаліся.

«У сувязі з дэнансацыяй Расійскай Федэрацыяй пагадненняў, заключаных ў 1997 годзе па Чарнаморскім флоце, размешчанага ў Крыме, асацыяцыя заклікае Расію неадкладна вывесці свае войскі з Крыму», - гаворыцца ў папраўцы.

Як вядома, Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы асудзіла дзеянні Расеі ў дачыненні да Украіны і падтрымала яе цэласнасць і ўнітарнасць.