У Славянску зноў стралялі
20.04.2014 / 12:38
Расійскае дзяржагенства РІА «Навіны», якім кіруе Дзмітрый Кісялёў і якое выкарыстоўваецца для прапаганды Крамля, распаўсюдзіла раніцай 20 красавіка паведамленне аб стральбе ў ваколіцах Славянска і некалькіх загінуўшых.
У прыватнасці, са спасылкай на аднаго з кіраўнікоў «народнага апалчэння Славянска» РІА паведамляе аб перастрэлцы на адным з блокпастоў, у якой былі забітыя трое жыхароў горада.
Акрамя таго, тэлеканал « Расія 24» са спасылкай на ўласнага карэспандэнта таксама паведаміў, што былі забітыя два нападнікі.
Пазней РІА «Навіны» перадало паведамленне лекара цэнтральнай бальніцы Славянска, які пацвердзіў гібель аднаго чалавека і раненні двух у начной перастрэлцы.
Расійскае СМІ спасылаецца на заяву «народнага мэра» Славянска Вячаслава Панамарова, які заявіў, што каля 2:00 ночы да блокпосту ў раёне села Былбасоўка на ўездзе ў Славянск пад'ехалі невядомыя на чатырох пазадарожніках. Яны адкрылі агонь па апалчэнцах, якія святкавалі на барыкадах Вялікдзень.
«Дзяжурным удалося выклікаць падмацаванне з горада. 20 байцоў апалчэння ўступілі ў перастрэлку з нападнікамі. Два пазадарожнікі былі моцна пашкоджаныя. Апалчэнцы паведамілі таксама, што выявілі ў іх гільзы і выбухоўку замежнай вытворчасці, сімволіку «Правага сектара» і карту Славянска з абведзеным месцазнаходжаннем тэлевежы, якую напярэдадні захапілі апалчэнцы, каб уключыць расійскія тэлеканалы», — заявіў РІА «Навіны» Панамароў.
Паводле яго слоў, прыхільнікі федэралізацыі агнём ліквідавалі і паранілі да сямі нападнікаў.
У сваю чаргу расійскае агенцтва РБК паведаміла, што намеснік кіраўніка «Народнага апалчэння Данбаса» Сяргей Цыплакоў не пацвердзіў інфармацыю аб стральбе, а гэтыя чуткі ён лічыць ілжывымі.