Пракуратура Віцебшчыны прапануе абмежаваць продаж алкаголю ў перыяд хрысціянскіх пастоў

21.04.2014 / 13:45

Пракуратура Віцебскай вобласці выступіла з прапановай абмежаваць продаж спіртных напояў у перыяд хрысціянскіх пастоў.

Як паведамляе Генеральная пракуратура Беларусі, гэтая ініцыятыва была абнародавана некалькі дзён таму на навукова-практычнай канферэнцыі «Умацаванне цвярозасці ў сучасным свеце». Мерапрыемства было арганізавана Віцебскім аблвыканкамам сумесна з Віцебскай епархіяй БПЦ. 

На канферэнцыі адзначалася, што атручэнне алкаголем і звязаныя са злоўжываннем спіртнымі напоямі захворванні з'яўляюцца адной з вядучых прычын смяротнасці насельніцтва. Да таго ж злоўжыванне спіртнымі напоямі з'яўляецца галоўнай прычынай учынення злачынстваў і правапарушэнняў супраць жыцця і здароўя чалавека. 

У мэтах стварэння эфектыўнай сістэмы па зніжэнні ўзроўню спажывання алкаголю насельніцтвам спецыялісты лічаць неабходным акрамя прафілактычнай работы прымяняць новыя формы і метады прэвентыўнага характару. 

Так, улічваючы асаблівую значнасць духоўна-маральнага выхавання асацыяльных асоб, пракуратурай Віцебскай вобласці даручана пракурорам гарадоў і раёнаў забяспечыць на месцах узаемадзеянне паміж суб'ектамі прафілактыкі і традыцыйнымі рэлігійнымі канфесіямі ў процідзеянні крыміналізацыі і алкагалізацыі насельніцтва вобласці.