Лукашанец прапанаваў увесьці іспыт па беларускай мове для чыноўнікаў

Аляксандар Лукашанец прапанаваў навукоўцам ініцыяваць заканадаўчую норму, згодна зь якой свабоднае валоданьне абедзьвюма мовамі стане абавязковай умовай прыёму спэцыялістаў на дзяржслужбу.

02.11.2007 / 10:44


Аляксандар Лукашанец

Дырэктар Інстытуту мовазнаўства Акадэміі навук прапанаваў устанавіць дадатковае патрабаваньне да прэтэндэнтаў на працу ў органах дзяржкіраваньня. Аляксандар Лукашанец прапанаваў навукоўцам ініцыяваць заканадаўчую норму, згодна зь якой свабоднае валоданьне абедзьвюма мовамі стане абавязковай умовай прыёму спэцыялістаў на дзяржслужбу.

У часе выступу на паседжаньні сэкцыі па гуманітарных навуках і мастацтве дырэктар Інстытуту мовазнаўства падкрэсьліў, што такое патрабаваньне дапаможа беларускім пэдагогам фармаваць дзьвюхмоўную асобу, якая ўсьведамляе каштоўнасьць нацыянальна‑культурных прыярытэтаў краіны.

«Калі вучань і ягоныя бацькі будуць разумець, што для таго, каб у будучыні заняць якую‑небудзь пасаду, трэба па‑сапраўднаму ведаць беларускую мову, то яны ў корані зьменяць сваё стаўленьне да яе вывучэньня», — цытуе БЕЛТА словы Аляксандра Лукашанца.

«Пры гэтым беларускае грамадзтва атрымае чалавека, найбольш падрыхтаванага для пасьпяховай дзейнасьці ў сучаснай шматмоўнай і шматкультурнай сусьветнай супольнасьці», — перакананы дырэктар Інстытуту мовазнаўства.

Telegraf.by

Глядзі яшчэ:
Аляксандар Лукашанец: «Ня ведаю, ці забароняць «тарашкевіцу»...
Лукашанец: Трэба паставіць кропку. Вячорка: Праект недапрацаваны і нясвоечасовы