Лукашэнка і Пуцін у Мінску абмяркуюць сітуацыю ва Украіне

25.04.2014 / 16:51

29 красавіка ў Мінску пасля пасяджэння Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета ў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна запланаваны двухбаковыя перамовы, паведамляе РІА Навіны.

У прыватнасці, сказаў журналістам памочнік прэзідэнта РФ Юрый Ушакоў, бакі плануюць абмеркаваць сітуацыю ў Украіне і пытанні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж краінамі.

«Чакаецца, што Пуцін і Лукашэнка абмяркуюць ключавыя знешнепалітычныя тэмы, у тым ліку сітуацыю ва Украіне, сумесную працу па далейшым умацаванні СНД — з улікам старшынства Мінска другі год запар у гэтай арганізацыі», — адзначыў ён.

Ушакоў дадаў, што асноўную ўвагу ў ходзе размовы кіраўнікі дзяржаў нададуць пытанням гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Ушакоў нагадаў, што Беларусь знаходзіцца на пятым месцы сярод гандлёвых партнёраў Расіі (пасля Кітая, Нідэрландаў, Германіі і Італіі), а па выніках мінулага года тавараабарот з ёй склаў 39,7 млрд. даляраў. Удзельная вага Расіі ў знешнім гандлі Беларусі перавышае 49%, а назапашаныя расійскія інвестыцыі складаюць 5,5 млрд. даляраў.