Расія рыхтуе закон, які дазваляе парушаць нормы міжнароднага права

25.04.2014 / 21:00

Член думскага камітэта па канстытуцыйным заканадаўстве, прадстаўнік Дзярждумы ў Вярхоўным судзе Уладзімір Поневежский («Адзіная Расія») накіраваў ва ўрад для атрымання водзыву законапраект, якім прызнаюцца «заведама неправасуднымі» рашэнні замежных судоў па справах, якія павінны разглядацца ў РФ.

У выпадку, калі па рашэнні суда грамадзянам і юрыдычным асобам будзе нанесены ўрон, яны змогуць прэтэндаваць на кампенсацыю з бюджэту РФ за парушэнне іх правоў на разгляд справы кампетэнтным судом РФ. Кіраўнік думскага камітэта па канстытуцыйным заканадаўстве Уладзімір Плігін заявіў, што «законапраект накіраваны на абарону правоў і інтарэсаў» расейцаў.

Аўтар законапраекта патлумачыў, што «цяпер складваецца такая міжнародная абстаноўка, што ў дачыненні да расейскіх грамадзян суды іншых краін могуць выносіць неправасудная рашэнні».

Ініцыятыва ўжо спадабалася нелегітымнаму віцэ-прэм'еру Крыма Рустаму Тэміргаліеву, на думку якога, менавіта вакол Крыма можа ўзнікнуць «шмат міжнародных судоў, звязаных з маёмасцю, з рашэннямі рэспубліканскіх уладаў».

Нагадаем, што ў сакавіку акупацыйныя крымскія ўлады прынялі рашэнне аб нацыяналізацыі прадпрыемстваў, якія знаходзяцца ва ўласнасці Украіны, і іх пераходзе ва ўласнасць Крыма.

«Разумеючы, што міжнародныя суды ў дадзеным выпадку могуць быць заангажаваныя, схільныя да падвойных стандартаў, гэтая ініцыятыва можа мець сур'ёзны сэнс», — заявіў Тэміргаліеў.