Цяжка паранены мэр Харкава Кернес паехаў лячыцца ў Ізраіль

29.04.2014 / 10:45

Цяжка параненага мэра Харкава Генадзя Кернеса перавезлі на лячэнне ў Ізраіль, паведаміў дырэктар дэпартамента па справах інфармацыі і сувязі з грамадскасцю Харкаўскага гарсавета Юрый Сідарэнка.

«У панядзелак позна ноччу прыехалі ізраільскія дактары, яны высока ацанілі працу нашых медыкаў, але настойліва рэкамендавалі перавезці яго для лячэння ў Ізраіль. Ізраільскія медыкі прыйшлі да высновы, што мэр транспартабельны.

У 3.20 самалёт вылецеў з харкаўскага аэрапорта», — паведаміў Юры Сідарэнка.

На мэра Харкава Генадзя Кернеса 28 красавіка быў здзейснены замах. Падчас ранішняй прабежкі Кернес быў паранены ў спіну з агнястрэльнай зброі. Верагодна, невядомы страляў са снайперскай вінтоўкі Драгунава, бо на месцы знайшлі стрэляную гільзу калібру 7,65 мм. Кернес атрымаў раненне грудной клеткі і брушной поласці. Ён перанёс аперацыю, зробленую харкаўскімі спецыялістамі.

Па факце замаху на забойства Генадзя Кернеса ўзбуджаная крымінальная справа па ч.2 арт.15, ч.1 ст.115 Крымінальнага кодэкса Украіны (замах на наўмыснае забойства).