Малашчанкаў з Баранавіч страшаць адключэньнем сьвятла

Прадпрымальнікам, якія распаўсюджвалі «Нашу Ніву», кантракт на арэнду памяшканьня прыпынілі з парушэньнем заканадаўства.

02.11.2007 / 18:51

Прадпрымальнікам, якія распаўсюджвалі «Нашу Ніву», кантракт на арэнду памяшканьня прыпынілі з парушэньнем заканадаўства.

Нагадаем, што баранавіцкім прадпрымальнікам, якія распаўсюджвалі «Нашу Ніву», не працягнулі дамову арэнды памяшканьня.

Малашчанкі параіліся з праўнікам і высьветлілі, што паводле дамовы, укладзенай з філіялам «Прыёрбанку», пра спыненьне дзеяньня кантракту іх мусілі паведаміць за месяц. «Уласьнік памяшканьня паводле дамовы мае права ў аднабаковым парадку прыпыніць кантракт з намі ў выпадку вытворчай неабходнасьці», — кажа Тацяна Малашчанка. Аднак прадпрымальнікам паведамілі літаральна за некалькі дзён, загадаўшы вызваліць памяшканьне. Сёньня ім патэлефанавала інжынэр МТА банкаўскага аддзяленьня Жана Карачун, якая нагадала аб неабходнасьці вызваліць пакой. Калі Алег Малашчанка паведаміў ёй інфармацыю, атрыманую ў юрыста, то пачуў: «Тады мы адключым вам ацяпленьне і электрычнасьць». Пазьней спн. Карачун папрасіла вярнуць ёй ключы ад памяшканьня, арандаванага прадпрымальнікамі.

Цяпер Малашчанкі ў чаканьні. У панядзелак выйдзе тэрмін, калі ім згодна распараджэньня інжынэра МТА трэба будзе пакінуць пакой у аддзяленьні банку.

Сямён Печанко