Авакаў: У Славянску новы бой, украінскім вайскоўцам супрацьстаяць 800 баевікоў
05.05.2014 / 13:20
На ўскраіне Славянска з боку Харкаўскай вобласці ідзе бой, ёсць параненыя з абодвух бакоў.
Пра гэта паведаміў міністр унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў.
«З раніцы атрад АТА раскрыў засаду — баявую групоўку тэрарыстаў. Яны прымяняюць цяжкае ўзбраенне, страляюць з буйнакалібернай зброі, прымяняюць мінамёты і іншую тэхніку», — сказаў Авакаў журналістам на ўездзе ў Славянск.
Па словах міністра, параненыя ёсць з абодвух бакоў, колькасць пацярпелых з украінскага боку — да 8 чалавек.
Авакаў таксама ўдакладніў, што бой пачаўся каля 10:45. Паводле яго слоў, украінскім сілавікам супрацьстаіць каля 800 чалавек.
Кіраўнік МУС таксама падкрэсліў, што задача антытэрарыстычнай аперацыі ўскладняецца імкненнем не нанесці шкоду мірнаму насельніцтву.