СБУ: Баевікі «Стралка» збіраюцца ўзарваць вадасховішча каля Данецка
05.05.2014 / 14:34
Дыверсійная група «Стралка» (дыверсанта Ігара Гіркіна) плануе выкрасці выбухоўку з шахтаў для таго, каб падарваць Карліўскае вадасховішча пад Данецкам.
Пра гэта паведаміла на брыфінгу ў антытэрарыстычным цэнтры спікер СБУ Марына Астапенка.
Паводле яе слоў, прарасійскія дыверсанты палохаюць шахцёраў і іншых работнікаў вуглездабыўных прадпрыемстваў «Правым сектарам», які нібыта «плануюць закідваць гранатамі шахты разам шахцёрамі».
Такім чынам, па яе словах, сепаратысты падбухторваюць шахцёраў да забастовак.
«Мы таксама інфармацыю, што па ўказанні завадатара баевікоў, грамадзяніна РФ Ігара Гіркіна сепаратысты маюць намер выкрасці выбухоўку з шахтаў, у тым ліку для ажыццяўлення выбуху на Карліўскім вадасховішчы», — заявіла Астапенка.
Яна таксама распавяла аб новым выглядзе падрыўной дзейнасці дыверсантаў РФ і сепаратыстаў — «раздача атручаных прадуктаў і напояў украінскім ваенным і мясцоваму насельніцтву, а таксама выкарыстанне ў атрадах так званай «самаабароны» жанчын у якасці жывога шчыта».