«Яндэкс» выбачыўся за выказванні кіраўніка ўкраінскага аддзялення пра пажар у Адэсе

05.05.2014 / 15:18

Кампанія «Яндэкс» папрасіла прабачэння за выказванні генеральнага дырэктара ўкраінскага аддзялення Сяргея Пятрэнкі наконт падзеяў у Адэсе дзе ў выніку пажару ў Доме прафсаюзаў пасля сутыкненняў прыхільнікаў і праціўнікаў новай улады Украіны загінулі больш за 40 чалавек.

Як заявіла прадстаўнік прэс-службы «Яндэкса» ў Маскве Ася Мелкумава, «гэта не афіцыйная пазіцыя, гэта, вядома, яго асабістая эмацыйная рэпліка. Ён даўно жыве ў Адэсе і блізка да сэрца прымае ўсё, што адбываецца».

Цытата Пятрэнкі, якую распаўсюдзілі СМІ, па словах прадстаўніка «Яндэкса», «вырвана з вялікага дыялогу ў блогу ў Facebook, і ён, вядома, не падтрымлівае спалення людзей».

«Мне і маім калегам хочацца выказаць шчырыя спачуванні ўсім родным і блізкім тых людзей, якія загінулі ў Адэсе, і яшчэ раз выбачыцца за гэтую сітуацыю», — дадала яна.

Паводле СМІ, Пятрэнка ў сваіх каментарах у фэйсбуку, у прыватнасці, выказаў меркаванне, што ў Доме прафсаюзаў загінулі людзі, якія «некалькі месяцаў заклікалі да гвалту, правакавалі беспарадкі і выступалі пад замежнымі сцягамі».

«Усё добра. Практычна зачысцілі горад ад сепаратыстаў», — напісаў ён, каментуючы паведамленне другога карыстальніка пра падзеі ў Адэсе.