Украінскія войскі ў Славянску адбілі атакі, прасоўваюцца, больш за 20 сепаратыстаў загінула

05.05.2014 / 15:37

Украінскія сілавікі ўзялі Славянск у шчыльнае кола, прасоўваюцца ўглыб горада, ёсць пацярпелыя.

Пра гэта паведамілі «Інтэрфаксу» ў штабе сепаратыстаў.

Расійскія дыверсанты ў Данбасе. Фота Ройтэрз.

Украінская тэхніка ў прыгарадах Славянска.

Украінскі блокпост на трасе каля Славянска.

«Сілавыя падраздзяленні прасоўваюцца ўглыб горада ўсе больш інтэнсіўна, «апалчэнцы» спрабуюць да апошняга пазіцыі не здаваць, але пакуль даводзіцца адступаць», — сказаў суразмоўца агенцтва.

«Паводле папярэдніх звестак, 12—15 чалавек атрымалі раненні», — дадаў ён.

Як паведаміў у сваім Facebook журналіст Юрый Бутусаў, украінскія ваенныя адбілі спробу баевікоў прарвацца з акружэння. На месцы бою захапілі шмат новай зброі расійскай вытворчасці.

У баі, паводле звестак журналіста, загінулі 4 украінскія вайскоўцы, 21 атрымаў раненні.

Прапагандысцкі расійскі канал Звезда цытуе словы жыхара Славянска Віталя.

«У раёне Сямёнаўкі на ўскраіне горада ідзе кровапралітны бой, прымяняюць цяжкае ўзбраенне і ракетную тэхніку. Выключылі ўсе расійскія тэлеканалы. У крамах катастрафічна не хапае прадуктаў першай неабходнасці. У аптэках людзі выстройваюцца ў велізарныя чэргі па медыкаменты, — кажа Віталь».

Па словах карэспандэнта «Комсомольской правды» Аляксандра Коца, у раёне вёскі Сямёнаўка — гэта ў кіламетры ад самога Славянска — быў цяжкі бой. Атрад самаабароны Славянска трапіў у падвойнае кола акружэння пад Сямёнаўкай.

Як распавёў журналісту іншы сведка падзей, з акружэння выйшлі толькі пяць чалавек, камандзір групы быў забіты украінскімі вайскоўцамі.

Пасля гэтага сілы апалчэння адышлі да цэнтра горада і занялі пазіцыю за умацаванымі барыкадамі ў чаканні штурму, паведаміў Коц. Таксама, паводле яго слоў, кананада была чуваць на подступах да горада. Цяпер у цэнтры горада чутныя аўтаматныя чэргі, паведамляе Звезда.