Лукашэнка: Беларусь не будзе блакіраваць падпісанне дагавора аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза
09.05.2014 / 14:22
Беларусь не будзе блакіраваць падпісанне дагавора аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС), заявіў Аляксандр Лукашэнка, адказваючы 9 мая на пытанні журналістаў пасля цырымоніі ўскладання вянкоў да манумента Перамогі ў Мінску.
Ён зазначыў, што тыя пытанні, па якіх лідарам Беларусі, Казахстана і Расіі не ўдалося дамовіцца на саміце ў Мінску 29 красавіка, «былі вынесеныя за дужкі» і вырашаюцца на двухбаковай аснове.
«Мы ўчора ў двухбаковым фармаце практычна ўрэгулявалі ўсе нашы пытанні, — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА. — Я даручыў ураду зараз самым старанным чынам прапрацаваць усе кірункі гэтага дагавора, каб ужо канчаткова да 29 мая мець яснае ўяўленне, што мы падпісваем, як мы падпісваем, што мы будзем мець ад гэтага эканамічнага саюза, якія перспектывы».
«Сёе-тое там адносіцца на некалькі гадоў, аж да дзесяці гадоў, — дадаў кіраўнік дзяржавы. — Гэта, вядома, дрэнна, гэта не наша пазіцыя. Вы нашу пазіцыю ведаеце: без выключэнняў і абмежаванняў мы павінны будаваць эканамічны саюз. Нашы партнёры не па ўсіх пазіцыях, мякка скажам, да гэтага гатовы».
«Мы не будзем блакіраваць падпісанне гэтага дагавора. Калі не можам зрабіць вялікі крок, то тады маленькімі крокамі трэба ісці наперад, мы зыходзім з гэтага», — падкрэсліў Лукашэнка.
Двухбаковыя перамовы Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным прайшлі 8 мая ў Маскве, дзе беларускі кіраўнік знаходзіўся з двухдзённым рабочым візітам. Наступная іх сустрэча павінна адбыцца 29 мая ў Астане ў фармаце мытнай «тройкі». Да гэтага часу павінна быць завершаная дапрацоўка ўсіх нюансаў дагавора аб стварэнні ЕАЭС, які будзе пададзены на падпісанне прэзідэнтам.