Пакараны смерцю Рыгор Юзапчук, чый стрыечны брат быў расстраляны пяць гадоў таму
Ён забіў свайго сукамерніка з «нізкім сацыяльным статусам».
12.05.2014 / 16:47
Магілёўскі абласны суд паведаміў, што ў адносінах да Рыгора Юзапчука выкананы смяротны прысуд. 45-гадовы мужчына асуджаны за забойства сукамерніка. Той нібыта прайграў сваё жыццё ў даміно.
Рыгор Юзапчук.
Смяротны прысуд Рыгору Юзапчуку, вынесены 23 красавіка 2013, не выклікаў вялікага рэзанансу. Гэта звязана з адсутнасцю інфармацыі пра справу, пра асобу самога забойцы. Доўгі час афіцыйныя органы не называлі нават прозвішча асуджанага.
Крымінальная гісторыя Юзапчука
Пазней грамадскасці стала вядома, што Рыгор Юзапчук нарадзіўся ў Жытомірскай вобласці (Украіна) у 1969 годзе, па нацыянальнасці – цыган, без пэўнага месца жыхарства. Ён быў судзімы сем разоў.
Апошні тэрмін — 25 гадоў — Юзапчук атрымаў за двайное забойства. Паводле інфармацыі перадачы «Таямніцы следства» на БТ, ён уступіў у інтымную сувязь жанчынай, а іх сабутэльніку гэта не спадабалася. Ахвяраў ён закалоў нажом «на глебе рэўнасці». За гэта Юзапчука накіравалі ў Магілёўскую турму №4, дзе 5 чэрвеня 2012 ён здзейсніў чарговае забойства. На гэты раз — свайго сукамерніка.
Ягоная чарговая ахвяра, сірата і дзетдомавец 22-гадовы Ігар Хадакоў, быў асуджаны на 18 гадоў за тое, што падчас сваркі забіў роднага дзядзьку, які даглядаў яго.
У сюжэце БТ адзначалася, што Юзапчук здзейсніў забойства разам з яшчэ адным сукамернікам. Усе трое нібыта вырашылі згуляць у даміно — на жыццё. Таго, хто прайграў, задушылі.
У гэтай гісторыі адразу некалькі важных пытанняў застаюцца без адказаў.
Па-першае,
забойства здзейснена ў так званай «крытай турме», што прадугледжвае асабліва ўзмоцнены нагляд за асуджанымі. Азартныя гульні строга забароненыя.
У сюжэце адзначалася, што
ў дзень забойства ахоўнік двойчы падыходзіў да дзвярэй камеры і бачыў, што вочка на дзвярах, праз якое нагляднікі сочаць за парадкам, залеплена газетай.
Дэпартамент выканання пакаранняў так і не паведаміў, ці быў прыцягнуты да адказнасці нехта з адміністрацыі турмы за тое, што там адбылося забойства.
Па-другое,
Юзапчука за парушэнне парадку змясцілі ў камеру, дзе ўжо знаходзіліся два зэкі з так званым «нізкім сацыяльным статусам».
Гэта значыцца, што ў іншых камерах іх прымушалі б выконваць усю брудную працу, ніхто з сядзельцаў да іх не дакранаўся і пры магчымасці нават не размаўляў. «Належалі да іншай турэмнай касты», — характарызуюць зэкаў у сюжэце БТ.
Апроч Хадакова, у камеры №10 сядзеў 22-гадовы Павел Петракоў, якога асудзілі на 10 гадоў за згвалтаванне заведама непаўналетняга. Маладыя зэкі пасябравалі, вучылі адзін аднаго італьянскай мове.
Мяркуецца, што паміж гэтымі мужчынамі была сэксуальная сувязь. Паказальны факт: да свайго падзельніка Петракова Юзэпчук звяртаўся жаночым імем.
Петракоў, расказваючы пра смерць сябра, не хавае слёз.
Перавод у такую камеру Юзапчука, які шмат год знаходзіўся за кратамі, не мог быць выпадковым. Адміністрацыя папраўчай установы ведае, што,
па зонаўскіх правілах, чалавек, якога змясцілі ў такую камеру, павінен або «ўскрыць» сябе, або забіць таго, хто мае гэты самы нізкі сацыяльны статус.
Звычайнага чалавека такія парадкі здзіўляюць і абураюць, але ў беларускіх турмах, на жаль, жывуць не толькі па законах, але і па сваіх паняццях.
Чаму сістэма маўчыць пра расстрэлы?
25 красавіка 2013 года Магілёўскі абласны суд прыгаварыў Рыгора Юзапчука да смяротнага пакарання. Справу разглядалі ў Магілёўскім СІЗА у закрытым рэжыме. Вярхоўны суд пакінуў прысуд у сіле.
У Магілёўскім судзе «Нашай Ніве» пацвердзілі: Юзапчука расстралялі.
Дату выканання прысуда і месца яго пахавання трымаюць у сакрэце. Міністэрства ўнутраных спраў аднесла гэтую інфармацыю да раздзелу «толькі для службовага карыстання».
Праваабаронца Андрэй Палуда, які мае досвед працы ў праваахоўчых органах, кажа, што
завеса сакрэтнасці, якая існуе вакол смяротнага пакарання, – спадчына савецкіх часоў.
«Гэта практыка НКВД, калі людзей расстрэльвалі тысячамі. Як прыклад, гісторыя Курапатаў. Тагачасныя інструкцыі — схаваць колькасць забітых, не паведамляць грамадству, хто і за што расстраляны — дайшлі да сённяшняга часу. Сваякам не выдаюць цела расстралянага. Ім не паведамляюць месца, дзе пахаваны чалавек. А грамадству, калі толькі праваабаронцы і журналісты не падымаюць гэту тэму, нават не агучваюць, калі прысуд быў выкананы. Пры гэтым чыноўнікі ўвесь час паўтараюць: смяротнае пакаранне стрымлівае злачыннасць. Дык чаму ж яны тады адкрыта не гавораць пра расстрэлы?»
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International накіроўвала запыт беларускім уладам. З адказу вынікае, што ў 2013 ніводны смяротны прысуд не выконваўся. Гэта дазваляе меркаваць, што Юзэпчука расстралялі сёлета.
«Былы начальнік мінскага СІЗА №1 Алег Алкаеў расказваў, што расстрэльная каманда звычайна збіраецца для выканання адразу некалькі прысудаў. Таму Рыгора Юзапчука маглі забіць разам з Паўлам Селюном. Пра расстрэл апошняга адвакату паведамілі 18 красавіка, хоць афіцыйнага пацверджання дагэтуль няма», —
адзначыў Палуда.
Яшчэ адзін расстраляны Юзапчук
У 2009-м прозвішча «Юзапчук» ужо фігуравала ў «расстрэльных спісах». Тады да смяротнага пакарання асудзілі непісьменнага Васіля Юзапчука, таксама цыгана па нацыянальнасці. Яго абвінавацілі ў здзяйсненні серыі забойстваў пенсіянерак.
Васіль Юзапчук.
Праваабаронцы знайшлі пацверджанне, што абодва расстраляныя – Васіль і Рыгор – стрыечныя браты.
Адвакаты, якія абаранялі Васіля, казалі, што ў аснову прысуду ляглі абвінаваўчыя паказанні супрацоўнікаў міліцыі. Медыцынская экспертыза паказала, што ў асуджанага лёгкая ступень разумовай адсталасці, ён кепска арыентуецца ў наваколлі. Дарэчы,
пасля расстрэлу Юзапчука на поўдні Брэсцкай вобласці былі зафіксаваныя новыя забойствы пенсіянерак.
* * *
Хто яшчэ чакае cмерці?
У красавіку Вярхоўны суд з розніцай у адзін тыдзень пакінуў у сіле два смяротныя прысуды – 26-гадоваму гамельчуку Аляксандру Грунову за жорсткае забойства студэнткі і 54-гадоваму Эдуарду Лыкаву за пяць забойстваў, здзейсненых на працягу дзевяці год.