Будзе створаны новы турыстычны маршрут — «Беларускі Парыж»
Пра гэта паведаміў старшыня нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА Уладзімір Шчасны.
07.11.2007 / 16:33
Палац Манюшак |
Паводле слоў У.Шчаснага, падставу для стварэння такога маршруту дае «хваля іміграцыі беларускіх мастакоў у парыжскую школу мастацтваў», што мела месца ў пачатку XX стагоддзя.
Цэнтрам новага турыстычнага маршруту павінны стаць Смілавічы — радзіма мастака Хаіма Суціна, прадстаўніка парыжскай школы. «Мастак невядомы ў нас, але шырока вядомы ва ўсім свеце. Яго выстава, на якой прадстаўлена каля ста работ, цяпер адкрыта для наведвальнікаў у Парыжы», — зазначыў У.Шчасны.
Паводле яго слоў, арганізацыю экспазіцыі мастака ў Беларусі, якую плануецца падрыхтаваць да канца снежня, фінансуе нацыянальная камісія ЮНЕСКА. Выстава будзе размяшчацца ў школе дзіцячай творчасці ў Смілавічах і складацца з дзвюх частак: «Суцін у Смілавічах» (непасрэдна работы мастака) і «Парыжскае кафэ», дзе плануецца аднавіць атмасферу 20—30 гадоў мінулага стагоддзя і паказаць атачэнне Х.Суціна, у тым ліку яго блізкага сябра Мадзільяні. У «Парыжскім кафэ» таксама можна будзе выпіць кубачак добрай кавы і паглядзець зняты ў Францыі фільм пра Х.Суціна.
Апрача работ Суціна, у Смілавічах будуць дэманстравацца і карціны іншых беларускіх мастакоў, якія працавалі ў Парыжы. Паводле слоў У.Шчаснага, наведвальнікі гэтай экспазіцыі змогуць вывучыць феномен мадэрністаў XX стагоддзя, выхадцаў з «заштатных беларускіх мястэчак», і паспрабаваць вызначыць для сябе: як у такой беднай атмасферы «адбылося зараджэнне такога значнага патэнцыялу?»
На думку У.Шчаснага, у новы турыстычны маршрут можа быць уключаны шэраг іншых аб’ектаў. У іх ліку — неагатычны палац, цэрквы і фабрыка ў Смілавічах, манастыр у Лядах, Волма, адкуль бярэ пачатак славуты беларускі род Ваньковічаў.