Мільярдэр Ахметаў заклікаў Данбас выйсці на забастоўку супраць сепаратыстаў
20.05.2014 / 09:17
Уладальнік кампаніі СКМ, украінскі бізнэсмен Рынат Ахметаў заклікаў рабочых сваіх прадпрыемстваў выйсці на папераджальны страйк супраць сепаратызму і падкрэсліў, што дзеянні ўзброеных сепаратыстаў з'яўляюцца «барацьбой супраць Данбаса».
Пра гэта гаворыцца ў яго экстраннай заяве ў эфіры тэлеканала «Украіна».
«Сёння [у панядзелак] марыупальцы хацелі правесці марш міру. І як мне сказалі, што на акцыю збіраліся выйсці больш за пяцьдзясят тысяч чалавек. І гэта — толькі ў адным Марыупалі, а па Данбасу сёння гатовы выйсці мільёны. Чаму?
Бо людзі стаміліся жыць у страху. Стаміліся жыць у тэроры. Стаміліся выходзіць на вуліцы і трапляць пад кулі. Па Данбасе ходзяць з аўтаматамі, гранатамётамі, у гарадах бандытызм і марадзёрства.
Гэта хіба мірнае жыццё? Гэта хіба моцная эканоміка? Гэта хіба годная праца і годны заробак? Не! і менавіта таму людзі хацелі выйсці на марш міру», — сказаў Ахметаў.
«Я хачу сказаць усім: нас не запалохаць, нас не спыніць. Нікому, у тым ліку, тым, хто называе сябе нейкай Данецкай рэспублікай. Хто чуў пра яе? Хто ведае імёны лідараў ДНР?
Што яны зрабілі для Данбаса? Не! гэта барацьба супраць Данбаса! Гэта — генацыд Данбаса», — мяркуе бізнэсмен.
Таму, у сувязі з гэтымі падзеямі, Ахметаў заклікаў працоўны Данбас да правядзення папераджальных забастовак па ўсім рэгіёне.
«Я заклікаю ўсе працоўныя калектывы выйсці ў аўторак на папераджальны пратэст па месцы працы.
І гэты мітынг пачнецца заўтра апоўдні па гудку, які прагучыць на ўсіх прадпрыемствах Данбаса у падтрымку міру і супраць кровапраліцця. І пакуль мір не запануе, штодня ў 12:00 па ўсім Данбасе будзе гучаць такі гудок», — сказаў ён.
Ахметаў таксама заклікаў «усіх аўтамабілістаў, усіх патрыётаў нашага краю далучыцца да гэтай акцыі».