Парубій: Частка дапамогі ад НАТА — ужо на ўкраінскай мяжы

20.05.2014 / 09:54

Частка дапамогі, якую Украіне выдзелілі краіны — члены НАТА, ужо знаходзіцца на ўкраінскай мяжы.

Пра гэта заявіў сакратар Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Андрэй Парубій у брусэльскай штаб-кватэры НАТА.

«Шлемы, бронекамізэлькі, прыборы начнога бачання, матэрыялы для аказання медыцынскай дапамогі і іншае абсталяванне несмяротнага дзеянні ад НАТА часткова ўжо знаходзіцца на ўкраінскай мяжы і атрыманне яго ўкраінскай арміяй — гэта пытанне літаральна некалькіх дзён», — паведаміў ён.

Метады, якія цяпер прымяняе Расія супраць Украіны, патрабуюць рэфармавання абароннага сектара, адзначае сакратар СНБА.

«Тыя новыя метады вайны, супраць нас вядзе Расея, — так званай «гібрыднай вайны», калі акрамя войска ўжываюцца дыверсійныя групы, крыміналітэт, вядзецца інфармацыйная вайна, патрабуюць перафарматавання і рэформы нашага абароннага сектара», — заявіў Парубій, дадаючы, што менавіта гэтая тэма і заняла большасць часу перамоваў.

Кіраўнік СНБА кажа, што партнёры па НАТА разам усведамляюць тое, што, «калі не спыніць Пуціна тут, ва Украіне, то невядома, дзе яго танкі апынуцца заўтра».

У панядзелак у Брусэлі адбылося пасяджэнне сумеснай рабочай групы Украіна—НАТА па пытаннях ваеннай рэформы, у якім брала ўдзел дэлегацыя на чале з сакратаром СНБА Украіны Андрэем Парубіем.

Як перадае карэспандэнт ''Радыё Свабода'' ў Брусэлі, падчас пасяджэння абмеркавалі пытанні далейшага супрацоўніцтва, прадастаўлення экспертаў для ацэнкі цяперашняга стану сферы абароны Украіны, і, увогуле, супрацоўніцтва, накіраванага на падтрымку рэформаў у сектары бяспекі і абароны Украіны, а таксама прадастаўленне НАТА дапамогі ў пераадоленні цяперашняга крызісу.