Віхор у Глыбокім выдзіраў дрэвы з коранем ФОТЫ

20.05.2014 / 10:07

Дзень 19 мая выдаўся ў Глыбокім спякотным і душным. Яўная прыкмета – неўзабаве будзе дождж!

Так і здарылася! А 19-й гадзіне напаўзлі свінцовыя хмары на горад, пачаўся лівень з градам – велічыня градзін дасягала памераў вішні, наляцеў моцны вецер, дрэвы хінуліся долу, бліскала маланка, грымеў гром. Цягнулася гэта страхоцце хвілінаў 20. І ўсё – развіднела, стала ціха і цёпла.

А тут тэлефанаванні! Дзесьці сарвала дах, дзесьці ўпалі дрэвы.

Праехаліся па гораду. Асфальт спрэc усцелены галінамі дрэваў, лісцем, суквеццямі каштанаў… Вуліцы Леніна і Горкага перакрытыя для руху паваленымі дрэвамі, аўта едуць вакольнымі вуліцамі. У парку Перамогі – буралом, дрэвы упалі побач з БМД, ледзве не пашкодзілі помнік аўганцам. Перакуленыя ветрам лаўкі.

На вуліцы Горкага пападала шмат дрэваў. На Копцеўцы суцэльны буралом, пашкоджаныя надмагільныя помнікі. Вялікая 200-гадовая ліпа з колішняга кармеліцкага сада вывернутая з коранем, упаўшы – ушчэнт разнесла частку цаглянай сцяны 17 ст. На 2-павярховым катэджы, што насупраць стадыёна, голыя кроквы – даху няма!

Шмат дзе на дамах прыватнага сектару – сарваныя з дахаў па некалькі шыферын, а на 3-павярховым доме па вуліцы Камуністычнай, 37-А зляцела значная частка шыфернага даху.

Штосьці з нашай прыродай – не тое. Стаялі вялізныя ліпы вякамі – 200 а то й 300 гадоў, яшчэ манахамі кармелітамі саджаныя. Стаялі і ніякая бура іх не ламала!

А мо іх такога маштабу раней і не было? А тут чарговы – буралом! У 2012-м, перад Днём беларускага пісьменства, таксама быў буралом - павалена з два дзясяткі дрэваў у горадзе, але такога буралому як цяпер, напярэдадні 600-годдзя горада, штосьці не прыпамінаецца. Тут не дзясятак паваленых дрэваў у горадзе, паўсотні —гарантавана, а той і пад сотню.

Прыкра за такі «падарунак» ад прыроды! У горадзе вядзецца шмат работ па добраўпарадкаванні, каб годна сустрэць 600-гадовы юбілей Глыбокага. Цяпер жа алеі і паркі будуць зіяць пусткамі.