Журналіста Алеся Залеўскага збіраюцца судзіць за працу на «Белсат»
20.05.2014 / 12:00
Суд па справе Алеся Залеўскага – штатнага супрацоўніка тэлеканала «Белсат», які з'яўляецца часткай TVP (Telewizja Polska S.A.), першапачаткова быў запланаваны на 20 мая. Алесь заявіў хадайніцтва аб пераносе працэсу, пасля чаго слуханні прызначылі на 14:30 28 мая.
фота Сяргея Гудзіліна
Па словах журналіста, у панядзелак ён атрымаў тэлефанаванне з Карэліцкага раённага суда Гродзенскай вобласці. Яму паведамілі, што ў аўторак аб 11 гадзіне там будзе разглядацца адміністратыўны пратакол у дачыненні да яго. У выпадку няяўкі журналісту пагражалі прымусовым «прыводам».
Алесь Залеўскі ўпершыню чуе пра нейкую справу супраць сябе. Журналіст не знаёміўся з пратаколам і не атрымліваў якіх-кольвек позваў у міліцыю ці суд.
– Калі мяне абвінавачваюць у працы без акрэдытацыі па адміністратыўным артыкуле 22.9, то міліцыянты павінны былі хаця б выклікаць мяне для складання пратакола і ўзяць тлумачэнні. Нічога гэтага зроблена не было, – распавёў Алесь прэс-службе ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».
Нагадаем, што апошнім часам у Гродзенскай вобласці было зафіксавана ўжо некалькі выпадкаў адміністратыўнага пераследу журналістаў. 4 красавіка «за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ» на 30 базавых велічынь быў аштрафаваны сябра ГА «БАЖ» Алесь Дзянісаў. 15 мая падобны пратакол быў складзены яшчэ на аднаго журналіста – Андрэя Мялешку.