Гурулёў: У выпадку забароны GPS у Расіі беларусы будуць прымаць сігналы са станцый ва Украіне і Польшчы
21.05.2014 / 15:09
Нават калі Расійская Федэрацыя забароніць на сваёй тэрыторыі дзейнасць амерыканскай глабальнай навігацыйнай спадарожнікавай сыстэмы GPS, гэта не паўплывае на яе працу ў Беларусі.
Пра гэта сёння заявіў у палаце прадстаўнікоў старшыня дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэта Рэспублікі Беларусь Сяргей Гурулёў. Ён патлумачыў гэта тым, што карыстальнікі глабальнай навігацыйнай спадарожнікавай сістэмы GPS у Беларусі могуць прымаць сігналы, якія ідуць са станцый, што змешчаныя на тэрыторыях Украіны і Польшчы.
Заяву пра тое, што Расійская Федэрацыя можа хутка забараніць дзейнасць амерыканскай глабальнай навігацыйнай спадарожнікавай сістэмы на сваёй тэрыторыі нядаўна зрабіў віцэ-прэм’ер расійскага ўрада Дзмітрый Рагозін. Ён патлумачыў гэта тым, што амерыканцы не хочуць дазваляць дзейнасць на сваёй тэрыторыі аналагічнай расійскай глабальнай навігацыйнай спадарожнікавай сістэмы ГЛОНАСС.
Сяргей Гурулёў сказаў, што цяпер у свеце існуюць чатыры падобныя сістэмы:
амерыканская, расійская, еўрапейская і кітайская. Беларускі спецыяліст таксама сказаў, што валтузня вакол гэтых сістэмаў, на яго думку, нагадвае гульню мускулаў амерыканцаў і расійцаў і звязаная з падзеямі ва Украіне.
На думку старшыні дзяржкамітэта, цяпер больш сучаснай і дасканалай з'яўляецца амерыканская глабальная навігацыйная спадарожнікавая сістэма, але спадар Гурулёў спадзяецца, што і расійская сыстэма ГЛОНАСС хутка падцягнецца да ўзроўню амерыканскай.