Андрэй Іларыёнаў: Пуцін ва Украіне сакрушальна прайграў

26.05.2014 / 09:50

Былы дарадца Уладзіміра Пуціна Андрэй Іларыёнаў мяркуе, што масавым удзелам у датэрміновых прэзідэнцкіх выбарах украінцы сарвалі план Пуціна:

«Самы галоўны вынік ўкраінскіх прэзідэнцкіх выбараў — гэта не тое, што прэзідэнтам абраны Пятро Парашэнка. І не тое, што ўпершыню ўкраінскі прэзідэнт абраны ў першым туры. І нават не тое, што Юлія Цімашэнка панесла сур'ёзную паразу, якая ставіць пад сумнеў яе шанцы на далейшы ўдзел у палітычным жыцці Украіны на першых ролях.

Самы галоўны вынік учорашніх прэзідэнцкіх выбараў — гэта фармальна — юрыдычная смерць пуцінскага міфа аб т.зв. «расколе» Украіны на заходне-цэнтральную і паўднёва-ўсходнюю часткі, на «западэнцаў» і рускамоўных, на «бандэраўшчыну» і «Наваросію».

Гэта пахаванне пуцінскага плана па падзеле Украіны.

Гэта канчатковае завяршэнне 20-гадовага перыяду «ўкраінізацыі», важнага этапу на шляху вестэрнізацыі і еўрапеізацыі Украіны, аб якіх гаворка ішла тут.

Упершыню за два дзесяцігоддзі выбараў у незалежнай Украіне кіраўнік дзяржавы абраны не галасамі жыхароў Усходу Украіны супраць галасоў жыхароў яе Захаду і не галасамі жыхароў Захаду супраць галасоў жыхароў яе Усходу.

Упершыню прэзідэнт Украіны абраны галасамі ўсёй Украіны, галасамі жыхароў усіх буйных украінскіх макрарэгіёнаў.

Больш за тое, першыя чатыры кандыдаты ў прэзідэнты Украіны па колькасці атрыманых імі галасоў на цяперашніх выбарах (П.Парашэнка, Ю. Цімашэнка, А.Ляшко, А.Грыцэнка, незалежна ад дэталяў іх праграм і персанальных асаблівасцяў) палітычна прадстаўляюць сабой Захад і Цэнтр Украіны, не яе Усход і Поўдзень.

Па сумарнай колькасці атрыманых імі галасоў (прыкладна 83% — па дадзеных экзіт-полаў) гэта азначае абсалютную перамогу нацыянальнага выбару ўкраінскімі грамадзянамі заходняга варыянту развіцця адзінай Украіны. Колькасць галасоў, атрыманых найбольш папулярным кандыдатам, якога можна разглядаць у якасці кандыдата «Усходу», С.Цігіпка (4,8 %), а таксама найбольш папулярным пуцінскім кандыдатам М.Добкіным (2,1%), азначае, што праекты У.Пуціна па захопе Украіны, па ўсталяванні кантролю над Украінай, па падзеле Украіны пацярпелі поўную паразу.

Іншымі словамі, прамежкавым вынікам дзесяцімесячнай пуцінскай вайны супраць Украіны — нягледзячы на неаднаразовыя заявы пуцінскіх прапагандыстаў пра нібыта яго неймаверныя «поспехі і перамогі» — стаў татальны крах планаў Пуціна ва Украіне

Украіна не стала бандэраўскай.

Або антырасійскай.

Або антырускай.

Украіна, практычна ўся Украіна, стала антыпуцінскай. І арыентаванай на інтэграцыю ў заходні, г.зн. у сучасны, свет. Нашы віншаванні брацкаму народу!» — піша Іларыёнаў.