Экспарт калійных угнаенняў з Беларусі павялічыўся на 40%
26.05.2014 / 11:29
У студзені—сакавіку 2014 года экспарт калійных угнаенняў з Беларусі павялічыўся на 39,5% у параўнанні з такім жа леташнім перыядам, паведамілі ў Нацыянальным статыстычным камітэце. Нагадаем, у 2013 годзе назіралася сур'ёзнае падзенне аб'ёму экспарту.
Аб'ём экспарту калійных угнаенняў за тры месяцы гэтага года склаў 1 млн. 332,6 тыс. тон, у тым ліку ў краіны СНД — 14,5 тыс. (на 29,9% менш), у далёкае замежжа — 1 млн. 317,9 тыс. тон (на 41,1% больш).
Сярэдняя экспартная цана за гэты перыяд знізілася на 28,8% да 453 долараў за тону, у тым ліку для СНД — да 334 долараў (на 47,1% менш), краін па-за СНД — да 454 долараў (на 28,6% менш).
Як паведамлялася раней, у сакавіку—красавіку 2014 года «Беларуськалій» планаваў экспартаваць 1,85 млн. тон калійных угнаенняў. Пра гэта гаварылася ў справаздачы генеральнага дырэктара прадпрыемства Валерыя Кірыенкі аб сваёй дэпутацкай дзейнасці ў абласным савеце дэпутатаў.
Варта адзначыць, што ў 2013 годзе экспарт калійных угнаенняў, паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, склаў 2,06 млрд. долараў і скараціўся ў параўнанні з 2012 годам амаль на 600 млн. долараў. У адпаведнасці з планамі ўрада экспарт калійных угнаенняў у 2014 годзе павінен наблізіцца да ўзроўню 2012 года.