Самая прагрэсіўная тэхналогія асвятлення
07.06.2014 / 11:27
Папулярная тэорыя кажа, што ў 1920-х вытворцы электрычных лямпаў дамовіліся абмежаваць тэрмін службы бытавых лямпаў напальвання тысячай гадзін, каб забяспечыць пастаянныя продажы.
Тэорыя застаецца непацверджанай, але будучыні ў лямпачак напальвання няма — гэта факт. Лямпы напальвання яшчэ вельмі папулярныя ў Беларусі з яе адносна таннай электрычнасцю. Насамрэч, гэтая прылада ператварае ў бачнае святло ажно 5% спажытай энергіі. Астатнія 95% — інфрачырвонае, ці цеплавое, выпраменьванне. Нездарма многія краіны (Беларусь не ў іх ліку) абвесцілі вайну такім лямпам і часткова ці цалкам забаранілі іх ужыванне.
Энергаашчадныя люмінесцэнтныя лямпы аказаліся не найлепшай альтэрнатывай.
Яны працуюць даўжэй за лямпы напальвання і спажываюць менш электрычнасці. На жаль, люмінесцэнтныя лямпы нясуць пагрозу для здароўя чалавека, бо ў іх утрымліваецца надзвычай атрутная ртуць. Таму раструшчаная люмінесцэнтная лямпа — зусім не да шчасця, а правільна ўтылізаваць такую лямпу ў Беларусі — сапраўдная праблема.
Аднак існуе тып бытавых лямпачак, у якіх амаль няма недахопаў. Гэта святлодыёдныя лямпы.
Крыніцай святла ў святлодыёднай лямпе з’яўляецца адзін, але часцей некалькі, святлодыёдаў. Святлодыёдныя лямпы адрозніваюцца ад лямпаў напальвання і люмінесцэнтных лямпаў надзвычай малым спажываннем электраэнергіі. Кожны ват святлодыёднай лямпы прыблізна эквівалентны 10 ватам лямпы напальвання. Такім чынам, шасціватная лямпачка на святлодыёдах замяняе 60-ватную лямпу напальвання.
Моцным бокам святлодыёдных лямпаў ёсць не толькі высокая светлавая аддача, але і тэрмін службы.
Калі лямпачка напальвання «гарыць» каля 1000 гадзін, люмінесцэнтная лямпачка — да 15 тысячаў гадзін, дык тэрмін службы святлодыёдаў у бытавой лямпачцы складае каля 35—50 тысячаў гадзін.
Тэарэтычна, адной святлодыёднай лямпы, запаленай цягам 6 гадзін у дзень, хопіць на 16—22 гады.
Дадатковым плюсам бытавых святлодыёдных лямпачак перад люмінесцэнтнымі з’яўляецца больш плаўны і прыемны воку каляровы спектр святла.
Колькі эканоміць святлодыёд?
Адна 60-ватная лямпа напальвання, уключаная 6 гадзін у дзень, расходуе 11 кВт·г. Пры цане 1 кВт·г 746 рублёў (для дамоў без электрапліт і без ужывання павелічальнага каэфіцыента) штомесяц такая лямпа абыходзіцца ў 8,2 тыс. руб. Год эксплуатацыі лямпы напальвання каштуе 98,4 тыс. руб.
Шасцігадзінная штодзённая эскплуатацыя 7-ватнай святлодыёднай лямпачкі каштуе 670 рублёў у месяц і 11,6 тыс. руб у год. Таму такая лямпачка акупіцца ўсяго за год.
Цана на святлодыёдныя лямпы залежыць ад магутнасці, вытворцы, тэрміну гарантыі.
Аднак самая папулярная прапанова — 67-ватныя аналагі 60ватных лямпачак напальвання. Такую лямпачку можна набыць прыкладна за 90 тысячаў рублёў. Таму пакупнікі аддаюць перавагу больш танным і таксама даволі эканамічным люмінесцэнтным лямпачкам ці лямпам напальвання. Аднак трэба заўважыць, што святлодыёдная лямпа хутчэй за ўсё перажыве яшчэ не адно павышэнне тарыфаў.