У ФРГ кажуць, што далі сігнал Маскве і не хочуць выбару «або-або» для Украіны

04.06.2014 / 12:21

Дата падпісання эканамічнай часткі пагаднення аб асацыяцыі паміж Украінай і Еўрасаюзам не з'яўляецца вырашальным пытаннем, Украіна павінна сама вызначыць, калі для яе гэта будзе лепш.

Такое меркаванне выказаў у інтэрв'ю «Еўрапейскай праўдзе» каардынатар міжграмадскага супрацоўніцтва з Расіяй, Цэнтральнай Азіяй і краінамі Усходняга партнёрства ва ўрадзе ФРГ Гернат Эрлер.

Ён сказаў, што яму невядома пра тое, што Пётр Парашэнка нібыта можа адкласці падпісанне пагаднення аб асацыяцыі, але ён лічыць, што «дата з'яўляецца вырашальным пытаннем».

«Мы ўжо ўхвалілі палітычную частку пагаднення. Што тычыцца хуткага далучэння Украіны да глыбокай і ўсёабдымнай ЗСГ з Еўрасаюзам, то гэта не здаецца такім ужо важным — улічваючы тое, які доўгі працэс змен пацягне за сабой гэта ўступленне», — сказаў Эрлер.

Паводле яго слоў, Украіна павінна сама вызначыць, калі для яе наступіць найбольш спрыяльны момант для падпісання другой часткі Пагаднення аб асацыяцыі.

«Рашэнне ЕС аб падзеле пагаднення на дзве часткі — палітычную і эканамічную — было прынята, каб даць пэўны сігнал і для Масквы. І зараз мы чакаем з боку Расійскай Федэрацыі станоўчай рэакцыі па прапанове краін Веймарскага трохкутніка», — заявіў Эрлер.

Ён нагадаў, што краіны Веймарскага трохкутніка — Германія, Францыя і Польшча — яшчэ 30 сакавіка заявілі аб неабходнасці абмеркаваць у трохбаковым фармаце — з удзелам Украіны, РФ і Еўрасаюза — пытанне аб сумяшчальнасці ЗСГ Украіна—ЕС па інтэнсіўным гандлёва-эканамічным абмене паміж Украінай і РФ.

«У тым ліку, гаворка ідзе аб кансультацыі па пытаннях далейшага ўзаемадзеяння Украіны з Мытным саюзам і Еўразійскім саюзам», — падкрэсліў ён.

На пытанне, ці могуць гэтыя кансультацыі прывесці да перагляду тарыфных квот і ставак, прадугледжаных ЗСГ, Эрлер адказаў: «У цяперашняй сітуацыі не можа ісці аб нейкіх зменах у тэкст пагаднення. У той жа час, мы павінны быць гнуткімі ў рэалізацыі пагаднення. Тут ёсць варыянты».

Паводле яго слоў, ідэя аб трохбаковых перамовах «мае сваімі вытокамі прапанову Расіі, якая паступіла ў лістападзе 2013 года, напярэдадні Вільнюскага саміту».

«Тады ЕС адхіліў прапанову Масквы. Але цяпер мы бачым, што гэта прывяло да вельмі сур'ёзнага канфлікту. Цяпер мы разумеем, што Украіне вельмі цяжка ці нават немагчыма рэалізаваць выбар «або-або» паміж ЗСГ з ЕС і інтэнсіўным гандлем з Расіяй», — заявіў Эрлер.

«Ідэальнай мэтай гэтых перамоў было б прапанаваць Украіне многія опцыі, а не толькі адну. Акрамя таго, вядома ж, мэтай быў бы сур'ёзны дыялог з Расіяй аб яе сумненні і неспакоі, звязаным з ЗСГ, — мы збіраемся развеяць гэтыя сумневы», — сказаў прадстаўнік нямецкага ўрада.

«Я нагадаю, што прэзідэнт Расіі Пуцін неаднаразова казаў аб неабходнасці стварэння адзінай зоны свабоднага гандлю ад Лісабона да Уладзівастока. Гэтую ідэю ў Германіі ўспрымаюць з сімпатыяй. Так чаму б не зрабіць і СА з Украінай, і расійскія планы па інтэграцыі ў МС крокамі на шляху да яе рэалізацыі?» — адзначыў Эрлер.