Show must go on
Апошнія падзеі ў Грузіі выглядаюць павучальнымі. Піша Віталь Тарас.
12.11.2007 / 14:59
Апошнія падзеі ў Грузіі, а ў яшчэ большай ступені – тое, як яны асьвятялілся ў тэлебачаньні, выглядаюць шмат у чым павучальнымі.
Кадры разгону мітынгу ў цэнтры Тбілісі часам нагадвалі “карцінку”, не аднойчы бачаную на вуліцах Менска падчас акцыяў беларускай апазыцыі. Вадамёты супраць дэманстрантаў у Беларусі, праўда, яшчэ не ўжываліся. Але з другога боку, грузінскі спэцназ мог бы павучыцца ў менскіх калегаў ужываньню шумавых гранатаў і спрытнаму выкарыстаньню аўтазакаў. Нічога дзіўнага тут няма. Спэцназ – у Маскве, Менску, ці Тбілісі – ствараўся аўтарытарнай уладай не для таго, каб міндальнічаць.
Разам ля тэлевізара
Трохі дзіўным падалося іншае. Тэмай Грузіі ў нядзелю адчынілася галоўная праграма БТ – “Панарама тыдня”. Уступленьне на пасаду арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў Менску апынулася ў праграме на апошнім месцы. (Пры гэтым арцыбіскуп гаварыў па-беларуску, а вядоўца “Панарамы” зьвяртаўся да яго па-расейску, як быццам гутарка адбывалася на тэлебачаньні суседняй дзяржавы.) Расейскія тэлеканалы, вядома, уважліва сачылі за падзеямі ў Тбілісі, а канал “Вести”, напрыклад, які вяшчае круглыя суткі, трансьляваў разгон апазыцыі ў жывым этэры, скарыстаўшыся карцінкай прыватнай тэлестанцыі “Імеды”. Аж да моманту, калі яе вяшчаньне было гвалтоўна спыненае спэцназам.
Але ж пад канец тыдня, пасьля таго, як Міхаіл Саакашвілі прыняў раптоўнае рашэньне аб датэрміновых прэзыдэнцкіх выбарах і сітуацыя стабілізавалася, пасьля таго, як аднавіліся спробы дыялёгу паміж уладай і апазыцыяй, расейскае тэлебачаньне пачало паступова страчваць цікавасьць да грузінскае тэмы.
Трэба прызнаць, што для расейскіх мэдыяў падзеі ў Тбіліся сталіся сапраўдным падарункам. Па-першае, яскравая карцінка разгону дэманстрантаў паліцыянтамі, якія нагадвалі пэрсанажаў “Зорных войнаў”, сама па сабе была выйгрышнай для тэлевяшчаньня. Яе паказвалі ўсе міжнародныя інфармацыйныя каналы (праўда, ня ўсе адкрывалі імі выпускі тэленавінаў).
Па-другое, драматычныя відэкадры адсунулі на задні плян тэму Кастрычніцкай рэвалюцыі, якую імкнуліся выкарыстаць расейскія камуністы ў сваёй выбарчай кампаніі, замінаючы тым самым піяру “Адзінай Расеі”. Нават рэканструкцыя вайсковага параду 7 лістапада 1941 году на Краснай плошчы не была паказаная ўжывую ў расейскім этэры.
Ну, і галоўнае, што расейскія рэпарцёры, тэлевядоўцы і камэнтатары (а разам зь імі, трэба думаць, і мільёны тэлегледачоў) проста ўпіваліся магчымасьцю крытыкаваць рэжым Саакашвілі. Упершыню за апошні час не Захад чытаў натацыі Расеі за адсутнасьць дэмакратыі, палітычных свабодаў і псэўдавыбары, а Расея крытыкавала празаходніцкі ўрад былой савецкай рэспублікі, якая мае нахабства імкнуцца ў НАТО.
Крытыкавала за парушэньне права на дэманстрацыі, на свабоду слова, за арышты лідэраў апазыцыі, за жорсткасьць абыходжаньня зь імі і з прэсай.
Яшчэ нядаўна расейскія мэдыі не заўважалі ва ўпор разгонаў мірных дэманстрацыяў, прэвэнтыўных арыштаў апазыцыі, зьбіваньняў журналістаў у братняй Беларусі (прычым без усялякага надзвычайнага становішча). Бо яе кіраўнік, як бы да яго ні ставіліся ў Крамлі, усё-ткі для расейскага начальства свой. А Саакашвілі, безумоўна, чужы. Вучыўся ў ЗША, свабодна валодае ангельскай мовай, дый расейскай таксама. Нават лепей за многіх расейскіх чыноўнікаў. І пры гэтым шануе ўсё грузінскае – мову, гісторыю, культуру, нацыянальную сымболіку, любіць (цяпер дакладней будзе сказаць – любіў) прэсу, даступны для журналістаў.
Зразумела, гэта ніякім чынам не апраўдвае аўтарытарных замашак кіраўніка Грузіі. Але ня любяць яго ў Расеі, вядома, зусім не за тое.
Ад нянавісьці да любові…
Нелюбоў да цяперашняга кіраўніцтва Грузіі часам набывае ірацыянальныя формы. У расейскіх журналістаў раптам выявіліся ўсеагульная сымпатыя да лідэраў грузінскае апазыцыі. Многія зь іх у антырасейскай, анытімпэрскай рыторыцы маглі б даць сто пунктаў наперад у параўнаньні зь дзейным прэзыдэнтам. Успомнім хаця б экс-міністра абароны Іраклія Акруашвілі, які параіў расейцам піць фэкаліі замест грузінскага віна.
Між іншым, сярод лідэраў апазыцыі, за якую так перажываюць сёньня ў Расеі, апынуўся вядомы бізэнэсовец Бадры Патаркацышвілі – даўні сябар і правая рука лёнданскага сядзельца Барыса Беразоўскага. Таго самага Беразоўскага, зь якога расейскія СМІ даўно зрабілі самага галоўнага і самага страшнага ворага народу!
А якую мэту перасьледуюць беларускія тэлеканалы, калі вылучаюць на першы плян падзеі ў Тбілісі? Зусім нядаўна ў Менску адчынілася пасольства Грузіі, зусім нядаўна Аляксандар Лукашэнка прызнаваўся амаль што ў любові да грузінскага народу. Што, на БТ вырашылі адпомсьціць за даўнія рэзкія выказваньні Саакашвілі пра арышты грузінскіх журналістаў падчас вясновых падзеяў 2006 году? Наўрад ці.
Проста, відаць, успамін пра “рэвалюцыю ружаў”, як і пра ўсе іншыя каляровыя рэвалюцыі выклікае ідэасынкразію начальства ў Беларусі. Трэба ўсім паказаць, што ніякай дэмакратыі ў Грузіі не было і ня можа быць, што гэта ўвогуле фікцыя, выдумка заходніх спэцслужбаў.
Гэта тое, што хочуць паказаць і навязаць беларускаму гледачу. А што ён бачыць, якія высновы робіць для сябе? Розныя часткі яе глядзяць і ўспрымаюць карцінку на экране па-рознаму. Заўсёды была і будзе сярод гледачоў вялікая доля “заўзятараў”, якім, па вялікім рахунку, усё адно, што адбываецца “на полі”. Галоўнае атрымаць відовішча. Гэта можа быць аўтакатастрофа падчас гонак “Формулы”-1, гэта могуць быць сутыкненьні паміж футбольнымі фанамі, альбо паміж фашыстамі і анархістамі, гэта можа быць паводка ў Нямеччыне, ці пажар у доме састарэлых, тэракты ў Іраку, разгон дэманстрацыі ў Пакістане або Грузіі. Такія людзі ў рэальнасьці назіралі вонкі за расстрэлам Белага дому ў Маскве ў 1993-м і за падзеямі на Плошчы ў Менску ў 2006-м. На гэтую аўдыторыю, трэба прызнаць, нацэленае ў першую чаргу сучаснае тэлебачаньне. Гэта на яе, любімую рэклямадаўцамі, разьлічаныя выпускі навінаў, запоўненыя гісторыямі пра маньякаў, гвалтаўнікоў, кілераў, вычварэнцаў, поп-зорак. Хай цікавяцца чым заўгодна, абы не палітыкай.
Нечуваная раней рэч – выпускі навінаў нават на дзяржаўных каналах перабіваюцца страшэнна даўгімі блёкамі каміэрцыйнай рэклямы. Які нармальны глядач не пераключыць тэлевізар на іншы канал? Быў бы выбар. Гэта значыць, што дзяржаўнае тэлебачаньне ўжо ня верыць у сваю сакральную функцыю: быць носьбітам ідэалёгіі, правадніком дзяржаўнае палітыкі. І махнула рукой на гледача.
Якая там палітыка? Якая інфармацыйная функцыя? Якія законы ўспрыняцьця? Галоўнае – хутчэй зарабіць, пакуль дазваляюць.
Ілюзыя суперажываньня
Але ж і больш інтэлектуальная частка глядацкай аўдыторыі сочыць за падзеямі ў краіне і сьвеце пераважна не з-за дасьледчыцкай цікаўнасьці ці прафэсійнага абавязку. Многія з нас зь непадробнай цікавасьцю й суперажываньнем сачылі за падзеямі ў Тбілісі. Як перад тым – за выбарамі ў Польшчы, а перад тым – за выбарамі ва Ўкраіне. Бо калі ў тваёй краіне адсутнічае палітыка як такая, як барацьба за ўладу падчас сапраўдных выбараў, як спаборніцтва партыяў і, галоўнае, ідэяў – тады застаецца сачыць за палітычнымі падзеямі за мяжой.
Некалі ў праграме “Час” на савецкім Цэнтральным тэлебачаньні найбольш цікавымі былі міжнародны разьдзел і паведамленьні пра надвор’е.
Надвор’е, адрозна ад палітыкі КПСС, было непрадказальным. А ў сюжэтах пра Захад за прапагандысцкімі клішэ і штампамі іншым разам (залежала ад здольнасьцяў журналіста) можна было разгледзець элемэнты жывога жыцьця.
Сёньняшняя “Панарама”, за выключэньнем выпадкаў, калі трэба паказаць кіраўніка дзяржавы, ставіць сюжэты з замежжа на першае. І нават не таму, каб паказаць, як “у іх” кепска і як “у нас добра”. Яшчэ Рабіновіч са старога савецкага анэкдоту казаў: “Калі ў іх гэтак кепска, а ў нас гэтак добра, дык чаму ў нас ТАК добра, а ў іх – ТАК кепска?” Проста ў Беларусі навіны зьніклі як жанр. Яшчэ за савецкім часам простаму гледачу стала ясна, што пастановы партыі і ўраду, зьезды аленеводаў і камсамольскія канфэрэнцыі, прырост надояў малака ў канкрэтным калгасе альбо адкрыцьцё новай станцыі мэтро ці гуртка філятэлістаў пры ЖЭС ня ёсьць навінамі ў звыклым сэнсе слова. Гэта проста сыгнал, указаньне кіраўніцтва сваім падначаленым на тое, што ў дзяржаве ўсё стабільна, і нічога не будзе мяняцца ні цяпер, ні ў бліжэйшай будучыні.
Вось чаму большасьць сацыялягічных апытаньняў выказваюць пэўны давер публікі да дзяржаўнай прэсы і пэўны недавер – да незалежнай. Таму што недзяржаўныя СМІ пішуць пра тое, чаго не паказвае БТ. А значыць, такога проста ня мусіць быць. Бо калі стаць на іншы пункт погляду, тады трэба пераглядаць і ўвесь сёньняшні парадак жыцьця, пры якім праблемы могуць быць толькі ў ЗША, Грузіі альбо ў Расеі. І ніякім чынам не ў Беларусі.
І яшчэ адзін урок апошніх дзён. Рэпартажы з Тбілісі, як ужо гаварылася на пачатку гэтага артыкулу, уваскрасілі ў памяці падобныя рэпартажы зь Менску. Імі летась у сакавіку былі запоўненыя амаль усе замежныя тэлеканалы. Мы глядзелі іх і нам здавалася, што нам суперажывае ўвесь заходні сьвет.
Але сёньня пра тыя падзеі ўжо мала хто памятае. Забудуцца й кадры разгону маніфэстацыі ў Тбілісі. Show must go on!
Нічога звышважнага, чагосьці такога, што здольнае перагарнуць нашае жыцьцё, мы ня знойдзем для сябе, на жаль, на экране тэлевізара, ці ў кампутары. Варта адысьці ад экрана, каб зразумець: адзіна важнае – тое, што ў нас унутры.