Беларусь наведаў прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША Эрык Рубін

04.06.2014 / 13:11

Намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША па справах Еўропы і Еўразіі Эрык Рубін знаходзіўся ў Мінску 2—4 чэрвеня.

Як паведаміла прэс-служба пасольства ЗША ў Беларусі, падчас візіту Рубін правёў «шырокае кола сустрэч», у тым ліку з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем, прадстаўнікамі дыпламатычнага корпусу і грамадзянскай супольнасці, а таксама са сваякамі палітзняволеных.

«Падчас сустрэч Рубін вывучыў магчымасць далейшага ўмацавання супрацоўніцтва з Беларуссю па пытаннях, што ўяўляюць узаемную цікавасць, — такіх, як барацьба з гандлем людзьмі, пашырэнне дзелавых кантактаў. Разам з тым ён звярнуўся да даўніх пытанняў, якія выклікаюць заклапочанасць ЗША і тычацца неабходнасці паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека і дэмакратызацыі», — гаворыцца ў паведамленні.

У сваю чаргу прэс-служба МЗС Беларусі паведаміла, што на сустрэчы Макея і Рубіна абмяркоўваліся «наяўныя пытанні двухбаковага парадку дня».

«Адбыўся абмен меркаваннямі наконт перспектыў далейшага развіцця беларуска-амерыканскага супрацоўніцтва, — заўважаецца ў паведамленні. — Асабліва адзначана неабходнасць адмены санкцый, якія перашкаджаюць развіццю нармальных адносінаў паміж Беларуссю і ЗША».

Як паведаміла жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч, на сустрэчы са сваякамі палітзняволеных 4 чэрвеня Эрык Рубін заявіў: пазіцыя ЗША па пытанні беларускіх палітзняволеных застаецца нязменнай.

Як стала вядома БелаПАН, запланаваная сустрэча Рубіна з лідарамі апазіцыі не адбылася — яны знаходзяцца ў Вільні, дзе гэтымі днямі праходзіць канферэнцыя па абмеркаванні планаў апазіцыі ў святле выбараў прэзідэнта Беларусі, якія адбудуцца ў 2015 годзе.