Беларус, які паехаў ваяваць за Украіну: На вайне галоўнае — захоўваць спакой

05.06.2014 / 00:00

Адзін з байцоў «Данбаса».

Батальён тэрытарыяльнай дапамогі Данецкай вобласці «Данбас» быў створаны вясной гэтага года. Галоўная мэта батальёна — абарона Украіны, знішчэнне ўзброеных прарасійскіх баевікоў. Камандзір батальёна — Сямён Сямёнчанка. Па яго словах, на сёння ў батальён запісалася 15 беларусаў. Еўрарадыё выйшла на аднаго з іх.

Леў: Звяртайцеся да мяне «Леў».

— Як даўно вы прыехалі ва Украіну, колькі часу вы ўжо ў складзе батальёна «Данбас»?

Леў: На гэтае пытанне я не хацеў бы адказваць. Я не так даўно ў «Данбасе», але тым не менш, не хацеў бы называць дакладную дату майго прыезду.

— Што вас падштурхнула кінуць родных, радзіму і прыехаць ваяваць у іншую краіну?

Леў: Жаданне дапамагчы.

— Каму?

Леў: Дапамагчы беларускаму народу. Бо дапамагаючы ўкраінскаму народу, мы даём шанец выправіцца і беларускаму. Калі тут усё атрымаецца, то беларускаму народу будзе на што паглядзець.

Байцы «Данбаса» каля тыповай для Данбаса лесапаласы.

— Беларусы бачаць тое, што ім даводзяць беларускія і расійскія СМІ: вынікам Майдану стала анексія Крыма і грамадзянская вайна на ўсходзе Украіны, у якой гінуць людзі, краіне пагражае падзел. Думаеце, паглядзеўшы на ўсё гэта, памяркоўныя беларусы захочуць нешта змяніць у сваім жыцці? Рызыкнуць сваім жыццём дзеля нейкіх мрой пра лепшую будучыню?

Леў: Любая маці ахвяруе сваім жыццём дзеля жыцця свайго дзіцяці. Дык чаму гэтак жа не зробіць яго бацьку, калі гэта сапраўды бацька? Я думаю, што любы бацька, які жадае лепшай будучыні сваім дзецям, павінен быць гатовы ахвяраваць нечым, нават самім сабой.

— Як вы даведаліся, што Сямён Сямёнчанка збірае добраахвотнікаў у батальён супраціву прарасійскім сепаратыстам?

Леў: У СМІ пабачыў інфармацыю…

— Убачылі інфармацыю і, не раздумваючы, сабраліся і паехалі? Не было ніякіх сумневаў?

Леў: Я доўгі час быў сябрам «Зубра» — гэта такі рух супраціву. І гатоўнасць да дзеянняў у гэтым кірунку щ мяне заўжды была высокая. Але сітуацыя ў Беларусі не давала магчымасці сябе рэалізоўваць у гэтым. Тут такая магчымасць ёсць. Тут мы бачым, хто ёсць хто.

— Ехалі ва Украіну, маючы ўжо нейкую папярэднюю дамоўленасць, вас тут чакалі?

Леў: Не, я ехаў, як кажуць, на свой страх і рызыку. Ведаеце, ўсё значна прасцей, чым падаецца. Асабліва калі ёсць жаданне сапраўды нешта рабіць. А баяцца ўсяго і жыць у страху я не лічу правільнымі і вартымі паводзінамі для мужчыны. Ды і для каго заўгодна!

— Вы ведалі, што едзеце на вайну. А вопыт удзелу ў баявых аперацыях у вас ёсць?

Леў: Нейкі вопыт ёсць у любога чалавека, правільна? Іншая рэч, наколькі ён карыстаўся гэтым вопытам. Кожны хлопец яшчэ ў школе вучыўся разбіраць аўтамат. Большасць хлопцаў і ў арміі служыла. Да ўсяго, неабходнаму заўжды можна навучыцца. Ці на месцы навучаць. Калі ж вы пытаецеся пра службу ў «гарачых кропках», то ні ў Афганістане, ні ў іншых такіх месцах я не служыў.

— У інтэрв’ю Еўрарадыё камандзір вашага батальёна Сямён Сямёнчанка сказаў, што цяпер у батальёне 15 беларусаў. Вы ў адным падраздзяленні?

Леў: Я не буду адказваць на гэтае пытанне. Адказ могуць выкарыстаць адпаведныя структуры неналежным чынам.

— Вам ужо даводзілася забіваць? Складана было пераступіць праз маральную норму «не забі»?

Леў: Першым, каго я забіў, быў раб у сабе. Ведаеце, у чым рэч? З таго боку няма чалавека — ёсць вораг. І выбар не вельмі вялікі: альбо сам зловіш кулю, альбо зробіш так, што гэтую кулю ў цябе вораг не выпусціць. Я стаўлюся да гэтага як да абароны.

— На вашых вачах гінулі байцы батальёна, з якімі вы, магчыма, напярэдадні вечарам побач ля вогнішча сядзелі? Якія пачуцці гэта ў вас выклікала?

Леў: Складаныя і складана іх выказаць. Напэўна, гонар, што былі разам, радасць, што ведаў гэтага чалавека, рашучасць — што абавязкова будзеш працягваць справу, якой вы тут разам займаліся. І крыху горыч…

— Украінскія СМІ пішуць, што на баку сепаратыстаў ваююць найміты з Чачні. Вас не здзіўляе тое, што народ, які сам не так даўно змагаўся за сваю свабоду, цяпер імкнецца задушыць імкненне да свабоды іншага народа?

Леў: Гэта вынік дзеяння сродкаў масавай інфармацыі — прапаганды. Вы выдатна ведаеце і без мяне, як тэлеканалы, што транслююцца ў Беларусі, фармуюць грамадскую думку, стаўленне да пэўных падзей асобнага чалавека. І робяць прапагандысты ўсё прафесійна — адпаведная нарэзка кадраў з адмысловымі каментарыямі. У выніку чаго проста адбываецца «прамыўка мазгоў». Гэта адбываецца ў Чачні, тое ж мы бачым і ў Данецку — абяцанне лепшага жыцця за здраду. Ды і заўжды знойдуцца людзі, які здрадзяць дзеля нейкага лепшага жыцця.

— Батальён у вас шматнацыянальны: ёсць і ўкраінцы, і беларусы, і рускія, і грузіны — якая атмасфера сярод байцоў?

Леў: Сустрэлі нас тут надзіва прыязна — як родных. І мы сябе тут адчуваем як людзі, якіх вельмі хочуць бачыць побач. Нам вельмі былі радыя, і мне падаецца, што гэта ўмацавала баявы дух людзей. Калі яны ўбачылі, што і беларусы гатовыя змагацца за Украіну, то зразумелі, што за яе неабходна змагацца яшчэ і ім самім.

— Ці магчыма ў Беларусі тое, што адбываецца цяпер на ўсходзе Украіны?

Леў: Дай Бог, каб нас гэта абмінула. Іншая справа, што працэс акупацыі Беларусі Расіяй ужо адбываецца. Паглядзіце, у Беларусі амаль уся прамысловасць ужо прыведзеная ў занядбаны стан, і хутка будзе распрададзенае тое, што ад яе засталося. А без прамысловасці вы ж разумееце што з нас будзе — харчовы дадатак нейкі. Расія сёння мае імперскія замашкі, што і дэманструе ўсяму свету. Яна парушыла галоўны мемарандум — Будапешцкі. Які Расія падпісала і гарантам якога яна выступіла. А ў выніку яна ж яго і парушыла. Для гэтага трэба быць падманшчыкам і проста падонкам.

— Як да вас, да вашага батальёна ставяцца простыя людзі?

Леў: Па-рознаму. Але ў большасці выпадкаў вельмі добра. Няма негатыву, ніхто не кідае ў нас каменне.

— Ваша меркаванне як удзельніка баявых дзеянняў — чаму так марудна адбываецца антытэрарыстычная аперацыя?

Леў: Мне не так шмат вядома пра хаду ўсіх гэтых аперацый. Але падаецца, што ўсё ад адсутнасці зладжанасці ў дзеяннях. Ды і новаабраны прэзідэнт яшчэ не ўстанавіў уладу. Усё патрабуе часу.

— Раскажыце пра сваё першае баявое хрышчэнне.

Леў: Калі ўсё закончыцца, тады я вам з задавальненнем пра ўсё раскажу — пакуль не лічу патрэбным такое расказваць.

— Як надоўга гэта ўзброенае супрацьстаянне можа зацягнуцца?

Леў: Гэта залежыць наколькі ўлада захоча дапамагчы гэтаму руху, што распачаўся, дапамагчы батальёну дабравольцаў «Данбас». Калі ўлада захоча аказаць дапамогу гэтым людзям і будзе ўсімі сродкамі падтрымліваць гэтыя пачынанні, то я думаю, што ўсё будзе вырашацца значна хутчэй. Пакуль што ў людзей ёсць жаданне і досыць патрыятызму, каб змагацца за сваю радзіму. І нават гатоўнасць загінуць за яе. А гэта, я лічу, самае галоўнае. Я не заклікаю ўсіх гінуць за радзіму, не. Гэта іншая вайна. Тут неабходна выжыць і перамагчы.

Сон на ферме.

— Вас ніхто не абвінавачваў у тым, што вы лезеце не ў сваю справу? Маўляў, гэта разборкі іншых, не беларусаў, без цябе абыдуцца.

Леў: У такой пастаноўцы гэтае пытанне не гучала. У нас проста цікавіліся: «Навошта вы прыязджаеце сюды?» Мы адказвалі проста: «Мы хочам дапамагчы вам, каб у вас усё атрымалася. І каб беларусы ўбачылі нейкую альтэрнатыву рэчаіснасці, якую стварыў Лукашэнка».

— Не баіцеся, што вас беларускія праваахоўнікі абвінавацяць у наёмніцтве, за якое паводле беларускага заканадаўства пагражае крымінальная адказнасць?

Леў: Тут нікому нічога не плацяць — якое наёмніцтва? Да таго ж я на вайне, чаго мне яшчэ баяцца?

— Чаго можна баяцца на вайне?

Леў: Толькі страху. На вайне трэба захоўваць спакой — гэта самае галоўнае, я лічу. Спакой можа дапамагчы перамагчы і застацца ў жывых, страх ні ў якой справе не дапаможа.