У Беларусі стварылі снегабалотаход ФОТАФАКТ
05.06.2014 / 10:37
На тэрыторыі ААТ «Гастэлаўскае» (Мінскі раён) — адной з дзвюх пляцовак 24-й міжнароднай спецыялізаванай выставы «Белагра-2014» — упершыню публічна прадстаўлены снегабалатаход ВМЕ-1915 распрацоўкі і вытворчасці беларуска-германскага СП ЗАТ «МАЗ-МАН».
Як паведаміў БелаПАН спецыяліст па продажы прадпрыемства Антон Жаўрыд, гэта машына шматмэтавага выкарыстання, прызначаная для язды па бездаражы, якая можа пераадольваць водныя перашкоды. Кузаў снегабалатахода зроблены са шклапластыку, злучанага з металічным корпусам. У якасці опцыі існуе магчымасць устаноўкі грабнога вінта.
Паводле слоў спецыяліста, рухавік усюдыхода прапаноўваецца ў дзвюх камплектацыях — бензінавы («Ніва») і дызельны («Фіят»). Машына абсталявана шынамі нізкага ціску, і ў залежнасці ад грунту, па якім яна перамяшчаецца, прама на хаду можна выбраць і падпампаваць патрэбны ціск. Неабходная сістэмная інфармацыя адбіваецца на ВК-дысплеі ў кабіне.
Новая распрацоўка прызначана для перавозак, дастаўкі людзей і абсталявання, выканання рамонтна-аднаўленчых, аварыйна-ратавальных і патрульных работ у цяжкапраходнай мясцовасці, у тым ліку па снежнай цаліне, пяску, балоце, вадзе.
«Машына распрацоўвалася некалькі гадоў, у яе было тры прататыпы, — сказаў Жаўрыд. — Выстаўлены асобнік — першую партыю складаюць восем аўтамабіляў — прайшоў сертыфікацыю і гатовы да продажу. Арыенціровачны кошт снегабалатаходу — 48 тысяч долараў».