Жыхар Маладзечна зварыў пяльмені ў электрачайніку

05.06.2014 / 22:59

Жыхар інтэрната па вуліцы Янкі Купалы ў Маладзечне сваім гатаваннем «запрасіў на пяльмені» МНСнікаў.

Здарэнне адбылося 5 чэрвеня.

Жыхар інтэрната вырашыў паабедаць, не выходзячы са свайго пакоя. Спосаб прыгатавання стравы выбраў просты і хуткі: зварыць пельмені ў электрачайніку.

А пакуль яны гатаваліся, вырашыў паспаць.

Сон аказаўся мацнейшым за пах толькі што прыгатаванага абеду, і гора-кухар прачнуўся толькі ад гуку пажарнага апавяшчальніка.

– Выратавальнікі, што прыбылі на месца здарэння, да трапезы, вядома, не далучыліся, затое склалі на мужчыну адміністрацыйны пратакол. Добра, што да пажару не дайшло, – распавёў «Рэгіянальнай газеце» галоўны спецыяліст Маладзечанскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Кайко.