«30 дзён ночы», «Вампірка»
Стужка на экране й фільм на лічбе
Бязладнае марнаваньне грошай – і стылёвы нуар.
12.11.2007 / 21:15
Маленькі гарадок на Алясцы. Апошні дзень напярэдадні доўгай зімовай ночы, якая зацягнецца на месяц. Нехта пазабіваў усіх сабакаў і зьнішчыў мабільнікі. Пакуль шэрыф (Джош Гартнэт) спрабуе знайсьці вандалаў, прыходзіць ноч – а разам зь ёй і хеўра вампіраў, якая ладзіць сабе банкет…
Карціна Дэйвіда Слэйда ня мае нічога агульнага з хуліганскай швэдзкай жахаўкай “30 дзён да досьвітку”. Стужка – экранізацыя коміксаў. Але рэжысэр Дэйвід Слэйд, які праславіўся жорсткай драмай “Лядзяш” – аніяк не скарыстаў выйгрышную сытуацыю “доўгай ночы”.
Кардонавыя героі (на чале з Джошам Гартнэтам) вяла спрабуюць абараняцца, вампіры нагадваюць зубастых і мардатых бамжоў, замест прадуманага дзеяньня – мантажнае мільгаценьне крывавых сцэнак. Дзяўчынка-забойца, перакусанае горла, кроў на сьнезе, сякера ў руках – “дарослы статус” стужка заслужыла. Але гэта ня значыць, што ад гэтага яна сталася фільмам.
Сэансы ў менскіх кінатэатрах. Але грошы лепей ашчадзіць, каб узяць напракат куды лепшую карціну на лічбе.
Журналістка Сэдзі Блэйк зашмат ведала – і яе забілі. Сэдзі прачынаецца ў трупярні й пачынае помсьціць сваім крыўднікам. Але цяпер яна вампірка. Дый ейныя забойцы зусім ня людзі…
Вампірскі гангстэрскі нуар, дзе кепскі кіраўнік банды – фактурны ўпыр-ніцшэанец (Джэймз Д’арсі), герой-сьледчы – рухавая нежывая прыгажуня з арбалетам у руках (Люсі Лью), на эпізодах – Мэрылін Мэнсан, а кровапусканьні маскуюцца пад сэрыйныя забойствы.
Як і ў “Голадзе” Тоні Скота, крывасмокі ня маюць іклаў і карыстаюцца рытуальнымі нажамі. Пакуты сумленьня, помста, двубой. Мэлянхолія лёгкага кічу, начны горад – і непатрэбная дамавіна…
Дарэчы, прадусар такіх розных па якасьці хорар стужак – Сэм Рэймі.