Беларусь і Кітай плануюць стварыць сумесны венчурны фонд
09.06.2014 / 18:14
Беларусь і Кітай плануюць стварыць сумесны венчурны фонд. Гэтае пытанне абмяркоўвалася 9 чэрвеня ў Мінску на сустрэчы старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Беларусі Аляксандра Шуміліна і пасла Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі Цуй Цыміна.
Адной з магчымых пляцовак размяшчэння фонду можа стаць беларуска-кітайскі індустрыяльны парк, які будуецца з прыцягненнем прыватных кампаній, паведамілі ў ДКНТ.
«У Беларусі штогод распрацоўваецца ад трох да пяці інавацый сусветнага ўзроўню. Стварэнне сумеснага венчурнага фонду дазволіць фінансаваць беларуска-кітайскія венчурныя і інавацыйныя праекты па стварэнні высокатэхналагічных вытворчасцяў», — лічыць старшыня ДКНТ.
Ён паведаміў, што беларуска-кітайскае навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва развіваецца вельмі актыўна і дынамічна. У поўнай ступені рэалізуюцца міжурадавае пагадненне, мемарандум паміж Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях і Міністэрствам навукі і тэхнікі Кітая, пагадненні з кітайскімі правінцыямі Хэнань, Шаньдун, Цзілінь, Гуандун.
У сваю чаргу Цуй Цымін адзначыў, што «дзелавое і ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва ў сферы навукі, тэхналогій і інавацыйнай дзейнасці з'яўляецца адным з важных фактараў у захаванні і развіцці сяброўскіх адносінаў паміж краінамі». Паводле яго слоў, навуковы патэнцыял Беларусі і Кітая дастаткова высокі, што дазваляе сумесна працаваць і атрымліваць новыя вынікі навуковай дзейнасці.