Грамадзянін ДР Конга пакінуў Беларусь пасля паўгадовага знаходжання на Акрэсціна

10.06.2014 / 10:18

Грамадзянін Дэмакратычнай Рэспублікі Конга Патрык Мангалуа 5 чэрвеня добраахвотна пакінуў Беларусь пасля амаль паўгадавога зняволення.

Аб гэтым паведамілі ў Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі. 

Пра Патрыка Мангалуа стала вядома ад грамадскіх актывістаў, якія былі прэвентыўна затрыманыя напярэдадні чэмпіянату свету па хакеі 2014 года, асуджаныя на розныя тэрміны адміністрацыйнага арышту і адбывалі пакаранне ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) на Акрэсціна. Пасля вызвалення актывісты расказвалі пра замежніка, які працяглы час утрымліваецца ў ЦІПе. Зносіны з ім былі ўскладненыя з-за таго, што ён не ведаў ні рускай, ні англійскай моваў. Але, паводле інфармацыі актывістаў, Патрык — ветэран вайны ў Конга, неаднаразова быў кантужаны. Расказвалі таксама аб тым, што ў ЦІП яму не давалі перакладчыка і ўжывалі ў дачыненні да замежніка гвалт. 

Паводле інфармацыі дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС, Патрык Мангалуа прыехаў у Беларусь вучыцца ў адным са сталічных ВНУ за кошт сваёй дзяржавы, але неўзабаве быў адлічаны.

З навучальнай установы ў органы ўнутраных спраў паступіла адпаведная інфармацыя, а таксама просьба паспрыяць у арганізацыі выезду маладога чалавека на радзіму, бо прававых падстаў для яго знаходжання ў Рэспубліцы Беларусь ужо не было. «Замежнаму грамадзяніну набылі білет, у Мінск прыбыў прадстаўнік Конга, міліцыя забяспечыла дастаўку ў аэрапорт», — гаворыцца ў афіцыйным адказе МУС на запыт БелаПАН пра лёс замежнага грамадзяніна, які знаходзіцца ў ЦІП.

У аэрапорце, паводле інфармацыі праваахоўных органаў, Патрык Мангалуа ўчыніў дэбош, аказаў супраціўленне супрацоўнікам органаў унутраных спраў і адмовіўся вяртацца дамоў.

За дробнае хуліганства 28 снежня 2013 года яго прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе арышту на 15 сутак і накіравалі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) на вуліцы Акрэсціна ў Мінску. 

«Пасля заканчэння тэрміну грамадзяніну Конга паўторна прапанавалі вярнуцца на радзіму. Малады чалавек адмовіўся. Яму таксама была растлумачана магчымасць звярнуцца з заявай аб даванні статусу бежанца, дадатковай ці часовай абароны ў Рэспубліцы Беларусь. Аднак Патрык Мангалуа адмовіўся падаваць адпаведную заяву», — паведамілі ў МУС. У сувязі з гэтым была ініцыяваная працэдура прымусовай высылкі. Паколькі прамога авіярэйса з Беларусі ў Конга няма, МУС доўгі час узгадняла яго транзітны праезд па тэрыторыі трэціх краін.

«Днямі просьба была задаволеная. Даведаўшыся пра гэта, Патрык Мангалуа выказаў жаданне добраахвотна пакінуць Беларусь. У чацвер, 5 чэрвеня, транзітам праз Турцыю ён вылецеў у Конга», — паведамілі ў праваахоўным ведамстве.