Дзе ў Мінску здаць энергазберагальныя лямпачкі, батарэйкі і градуснікі

10.06.2014 / 12:08

Вегетарыянства, правільнае харчаванне і бег па раніцах ўжо даўно знайшлі сваіх адэптаў. Іншая справа — здача шкодных адходаў.

Вядома, прасцей закінуць батарэйкі і энергазберагальныя лямпачкі ў смеццеправод і забыцца пра іх. Але мы з вамі людзі цывілізаваныя, а ў гэтым горадзе жыць нашым дзецям і ўнукам. Таму не лянуемся і запісваем адрасы.

 Лямпачкі і градуснікі

Энергазберагальныя лямпачкі, як і градуснікі, адносяцца да адходаў, што ўтрымліваюць ртуць, таму іх збіраюць разам. Здаць выкарыстаныя ці старыя лямпачкі і градуснікі можна ў наступных пажарных аварыйна-выратавальных частках раённых аддзелаў па надзвычайных сітуацыях, якіх у межах МКАД 10 штук:

Мінскае гарадское ўпраўленне МНС Рэспублікі Беларусь
вул. Казлова, 26, к. 8
+375 17285 34 76

Завасдкі РАНС
вул. Машынабудаўнікоў, 4
+375 17 345 11

Ленінскі РАНС
вул. Рыбалка, 20
+375 17 227 27 34

Маскоўскі РАНС
пр-т Дзяржынскага, 77
+375 17 272 58 92

Кастрычніцкі РАНС
Магілёўскі тупік, 12
+375 17 224 35 61

Партызанскі РАНС
вул. Баграціёна, 64
+375 17 235 37 32

Першамайскі РАНС
вул. Гінтаўта, 9
+375 17266 27 91

Савецкі РАНС
вул. Чырвоная, 9
+375 17213 32 05

Фрунзенскі РАНС
Бетонны праезд, 33
+375 17208 66 31

Цэнтральны РАНС
вул. Нарачанская, 9
+375 17250 63 54

Супрацоўнік Заводскага РАНС нават запэўніў, што для гэтага не трэба будзе праходзіць праз колы бюракратычнага пекла: прыйшлі, паклалі лямпачку ў кантэйнер — і сышлі.

ЗАТ «Экалогія-121»

Тут гатовыя прыняць энергазберагальныя лямпачкі нават ад фізічных асоб, хоць яшчэ два гады таму такога сэрвісу не было — працавалі толькі з юрыдычнымі. Акрамя таго, калі вы патэлефануеце, каб расказаць пра сваё жаданне здаць адходы, з вамі яшчэ паразмаўляюць, каб даведацца, хто вы і што хочаце здаць. Гадзіны працы: з 9:00 да 17:00. І не забудзьцеся ўзяць пашпарт — гэта абавязковая ўмова пры здачы лямпачак.

Дарэчы: таксама энергазберагальныя лямпы і градуснікі прымаюць у ТАА «Прагрэс» па вул. Інжынернай, 43, аднак працуе дадзеная арганізацыя толькі з юрыдычнымі асобамі.

 Батарэйкі

ГУМ, ЦУМ, ГД «На Нямізе», ГЦ «Сталіца»

У ГУМе бэжавую скрыню з пацёртым надпісам «для выкарыстаных батарэек» вы знойдзеце, калі зойдзеце за прылавак, дзе прадаюць наручныя гадзіннікі (2-гі паверх). У ЦУМе зарыентавацца прасцей: аналагічная урна выстаўленая ў сярэдзіне секцыі «Гадзіннікі». ГД «На Нямізе» таксама прапануе выкідаць батарэйкі ў секцыі «тэлерадыётавары» (1-ы паверх).

Дакладна такія ж скрыні вы знойдзеце і ў ГЦ «Сталіца»: адна стаіць на верхнім узроўні каля крамы ELIZ, насупраць кропкі Milavitsa, другая схавалася за банкаматам Belswissbank ля выхаду да гасцініцы «Мінск», трэцюю і чацвёртую знойдзеце каля крамы SERGE і стэнда, дзе прадаюць наручныя гадзіннікі.

Дом прэсы (вул. Хмяльніцкага, 10а)

У Доме прэсы ў скрыні для батарэек практычна нерэальна дабрацца без праблем, бо знаходзіцца яна на 7-м паверсе, так як адносіцца да рэдакцыі «Народнай газеты». Патрапіць унутр Дома прэсы можна толькі па прапусках, за чым пільна сочаць. Так што прасцей прыберагчы батарэйкі да паходу, напрыклад, у тую ж «Сталіцу».

Сетка крам «5 элемент»

Тут таксама гатовыя прыняць выкарыстаныя батарэйкі, але пра сваё гарачае жаданне зрабіць гэта трэба паведаміць кансультантам: яны падкажуць, дзе стаіць урна.

Універсам «Першамайскі» (вул. Русіянава, 7)

Жыхарам Уручча не давядзецца ехаць у цэнтр: у гаспадарчым аддзеле «Першамайскага» таксама можна пазбавіцца ад старых батарэек.

Крамы «Радзівілаўскі» (вул. Л. Украінкі, 22 і ГЦ «Сталіца»)

Скрыні для батарэек тут стаяць не ў самым бачным месцы, аднак асабліва шукаць іх не давядзецца.

Дарэчы: інфармацыя, што батарэйкі прымаюць у крамах «Электрасіла», састарэла: кансультант з кропкі ў ARENA-city сказала, што кантэйнеры ў сетцы даўно прыбралі. Акрамя таго, скрыні для батарэек вы ўжо не знойдзеце і ў гандлёвым доме «Гарызонт» па вул. Куйбышава, 22, хоць раней яны стаялі і там. Затое празрысты кантэйнер з'явіўся ля ўваходу ў гандлёвую залу гіпермаркета Green.