Жыхар Баранавічаў атрымаў 20 мільёнаў за перамогу ў конкурсе «Плітачнік года—2014»
10.06.2014 / 12:17
Віталь Васілевіч удзельнічае ў конкурсе штогод, але званне «лепшага» атрымаў упершыню.
— Як толькі конкурс пачалі праводзіць у Беларусі, з 2010 года, я зацікавіўся і пачаў удзельнічаць, даходзіў да паўфіналу, у мінулым годзе другое месца заняў, а вось у гэтым — перамога! — расказвае Віталь.
У паўфінале спаборніцтваў удзельнікі рыхтавалі свае эскізы і рабілі своеасаблівыя пано з пліткі. Віталь выкладваў сімвал чэмпіянату свету па хакеі—2014 — зубра Волата.
На фінале ж, які прайшоў у Мінску 7 чэрвеня, майстры з усёй краіны павінны былі зрабіць аднолькавыя канструкцыі. У першую чаргу суддзі улічвалі якасць праведзенай работы.
— Заданне было складаным, не ўсе паспелі яго выканаць за адведзеныя пяць гадзін. Але, на мой погляд, у конкурсах бессэнсоўна даваць лёгкую працу, бо на конкурс прыходзяць прафесіяналы, — кажа Віталь.
За перамогу ў конкурсе баранавіцкі плітачнік атрымаў прыз — 20 мільёнаў рублёў. Гэтыя грошы ён з сям'ёй плануе выдаткаваць на рамонт у кватэры.