СМІ: Брытанія ўжывае супраць Расеі шпіёнаў часоў «халоднай вайны»

10.06.2014 / 12:30

Брытанская выведка была вымушана звярнуцца па дапамогу да адстаўных лінгвістаў і іншых экспертаў па Расіі часоў «халоднай вайны», бо ў краіне адчуваецца востры недахоп маладых шпіёнаў, якія валодаюць рускай мовай.

Міністэрства абароны Вялікабрытаніі ў спешным парадку шукае экспертаў па Расіі сярод адстаўных афіцэраў разведкі: украінскі крызіс выявіў праблему адсутнасці рускамоўных ваенных спецыялістаў у брытанскай арміі, паведамляе The Telegraph, спасылаючыся на дакументы, якія трапілі ў яе распараджэнне.

Скарачэнне абароннага бюджэту, арыентацыя на Блізкі Усход і Кітай, якой брытанская выведка прытрымлівалася ў апошні час, і асцярогі, звязаныя з пачаткам новай «халоднай вайны», вымусілі ваеннае камандаванне звяртацца да спецыялістаў, старэйшых за 60 гадоў.

У адным з дыпламатычных дакументаў, якія апынуліся ў распараджэнні The Telegraph, высокапастаўлены ваенны просіць былых калег аб дапамозе ў пошуку рускамоўных экспертаў, паколькі «разведка мае патрэбу ў іх праніклівасці».

«Вялікабрытанія больш не можа спраўляцца з расійскай пагрозай, і ўсё тут гэта ведаюць, — паведаміла газеце крыніца ў разведвальнай службе. — Раней Міністэрства абароны праводзіла вельмі якасныя і працяглыя курсы па рускай і арабскай мовах для супрацоўнікаў выведкі. Але пасля тэрактаў 11 верасня арабская мова атрымала прыярытэт, а многія іншыя мовы аказаліся забытыя».

Рускамоўныя эксперты ў Вялікабрытаніі скардзіліся на тое, што з тых часоў, як разведка пераключылася на Афганістан, Ірак і іншыя краіны Блізкага Усходу, іх сталі высмейваць, успрымаць выключна як «гурток лінгвістаў». Многія з іх падпалі пад скарачэнне пасля 2004 года ў сувязі з дэфіцытам абароннага бюджэту.