Ісламісты захапілі частку горада Масул на поўначы Ірака

10.06.2014 / 12:33

Суніцкія баевікі захапілі заходнюю частку горада Масул на поўначы Ірака, паведамляе Reuters.

Члены групоўкі «Ісламская дзяржава Ірака і Леванта» (ІДІЛ) пасля цяжкіх баёў, якія ішлі чатыры дні, адціснулі вайсковыя падраздзяленні і паліцыю і ўзялі пад кантроль аэрапорт, мясцовую тэлестанцыю і ўрадавыя будынкі, а таксама вызвалілі з турмы да тысячы зняволеных.

У рукі баевікоў ледзь не трапіў губернатар правінцыі Ніневія, цэнтрам якой з'яўляецца Масул. Ён пакінуў будынак літаральна за некалькі хвілін да таго, як яго захапілі байцы ІДІЛ. Па словах відавочцаў, з горада ў паніцы бягуць тысячы шыітаў, якія не спадзяюцца, што дэмаралізаваныя атрады урадавых войскаў змогуць іх абараніць. Улады Ніневіі просяць дапамогі ў Багдада.

«Ісламская дзяржава Ірака і Леванта» — ісламісцкая групоўка, якая кантралюе частку тэрыторыі Ірака і Сірыі. Яе баевікі вядуць барацьбу супраць шыітаў, урадаў у Багдадзе і Дамаску, а таксама іншых ісламістаў.