Байкер у Мінску выратаваў кацяня з-пад трамвая ФОТЫ

10.06.2014 / 14:00

Цяпер у сацсетках карыстальнікі спрабуюць знайсці гаспадароў для кацяняці.

Падрабязнасцямі выратавальнай аперацыі падзяліўся «Укантакце» сталічны фатограф Яўген Атцецкі, які спачатку назіраў за тым, што адбываецца 8 чэрвеня на адной з мінскіх вуліц з салона трамвая, пад якім нейкім чынам апынулася спалоханае кацяня.

«Прыбегла дзяўчына, скінула шлем і пачала зазіраць пад трамвай.

Стала відавочна, што нешта здарылася, людзі вывалілі на вуліцу. Аказалася, кацянятка забілася недзе паміж механізмамі, пакуль трамвай стаяў на прыпынку. Людзі масава пачалі кыс-кыс- кысаць, што, вядома, ні да якога выніку не прывяло. Хтосьці спрабаваў дастаць яго парасонам, хтосьці прапаноўваў спусціць сабаку і такім спосабам вывалачы яго адтуль, кіроўца трамвая прадпрымала спробы дастаць яго праз нейкі адмысловы люк у падлозе.

Праз хвілін 5 выратавальнай аперацыі пад'ехаў хлопец на матацыкле, мабыць, прыяцель гэтай дамы, што рынулася на выратаванне кацяняці, амаль цалкам залез пад трамвай і кацяня дастаў», — піша Яўген у сваім запісе.