Сурыкаў: Калі базы НАТА будуць разгорнутыя ля межаў, Расія і Беларусь будуць вымушаныя даць адэкватны адказ
11.06.2014 / 15:17
У выпадку ўзмацнення ваеннай актыўнасці НАТА блізу беларускай і расійскай межаў Беларусь і Расія вымушаны будуць даць адэкватны адказ, заявіў пасол РФ Аляксандр Сурыкаў 11 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.
«Калі будуць разгорнутыя ваенныя базы каля межаў, Расія будзе вымушана на гэта адказваць. І Беларусь занепакоеная будзе ваенным рухам каля сваіх паўднёвых межаў. Калі такія дзеянні з боку Украіны (магчымае ўваходжанне ў НАТА) будуць ажыццяўляцца, то адэкватныя дзеянні і з боку Расіі, і з боку Беларусі адбудуцца», — адзначыў дыпламат. І дадаў: «Гэта ж робіцца не для таго, каб дзяўчат у кіно запрашаць, таму адказ будзе».
Пры гэтым пасол заўважыў, што спадзяецца на «разважнасць НАТА». «Свет і без гэтага начынены зброяй», — сказаў Сурыкаў.