Прэс-служба «ЛНР»: Самалёт з 49 украінцамі быў збіты, бо яны парушылі загад Болатава

14.06.2014 / 15:37

Самалёт над луганскім аэрапортам быў збіты ўзброенай групіроўкай «ЛНР». Гэтую інфармацыю Радыё Свабода пацвердзіла Аксана Чыгрына, прадстаўнік прэс-службы штаба так званай «Луганскай народнай рэспублікі», якая прызнаная тэрарыстычнай арганізацыяй.

«Самалёт збілі апалчэнцы. Быў парушаны загад Балотава наконт закрытай паветранай прасторы над Луганскам. У дакуменце гаварылася, што ў выпадку парушэння загаду, будуць прынятыя адпаведныя меры», — сказала Чыгрына.

Як паведамлялася, сёння, 14 чэрвеня, каля 1.10 падчас заходу на пасадку ў аэрапорце Луганска стрэлам з зенітнага ракетнага комплексу баевікі збілі ваенна-транспартны самалёт Узброеных сіл Украіны Іл-76. На борце самалёта, акрамя 9 членаў экіпажа, знаходзіліся 40 вайскоўцаў. Усе яны загінулі. Пракуратура адкрыла крымінальную справу па артыкуле «тэракт».