У МУС Украіны заявілі аб прадухiленнi тэрактаў у Адэсе

25.06.2014 / 09:47

Украінскія вайскоўцы затрымалі двух маладых людзей, якія планавалі ўчыніць серыю тэрактаў у Адэсе, заявіў міністр унутраных спраў краіны Арсен Авакаў. Пра гэта паведамляе «Інтэрфакс».

Арсен Авакаў

Затрыманыя паспрабавалі здзейсніць задуманае падчас мітынгу каля Генеральнага консульства Расіі ў Адэсе, але іх затрымалі супрацоўнікі праваахоўных органаў.

Па словах Авакава, міліцыя канфіскавала тры выбуховыя прылады, адну з якіх затрыманыя хацелі пранесці да месца правядзення мітынгу.

Яшчэ дзве прылады былі выяўленыя пазней. У паведамленні прэс-службы МУС Украіны адзначаецца, што адна са знойдзеных прылад «была выраблена тэхнічна пісьменна і мела досыць вялікую магутнасць».

Міністр унутраных спраў Украіны запэўніў, што ведамства робіць усё для таго, каб паказаць людзям, што яны абароненыя, а тое, што адбылося ў Адэсе — больш не паўторыцца.

Нагадаем, што 2 мая ў выніку беспарадкаў у Адэсе, пажару ў Доме прафсаюзаў — загінулі 48 чалавек і 247 атрымалі раненні і пашкоджанні.