«Тыгры» Пуціна, альбо Сентыментальны марш
30.06.2014 / 09:24
Усё ж не падобная ні на што ранейшае з’ява — сачыць за тым, як сплываюць крывёю людзі, паміж чарговым мундыялем у далёкай Бразіліі і вайной на парозе ўласнай хаты.
Выбух… Полымя… Дым… Нехта цягне па зямлі нерухомае цела… Ізноў выбух… Го-о-о-л!
Часам здаецца, што, калі б мы сачылі за ўкраінскай трагедыяй праз чорныя хрыплыя талеркі на слупах, былі б у сваім успрыманні вайны куды бліжэй да яе жахлівай праўды. Дастаткова згадаць твары людзей, якія падчас той, самай крывавай вайны ХХ стагоддзя, слухалі паведамленні з франтоў…
Сёння цяжка ўявіць сабе твар чалавека, які «кіруе» вайной з утульнай канапы.
Хіба што зазірнуць у люстэрка…
Адчуванне вось такой, «канапавай», датычнасці да вайны ахапіла мяне, калі спрычыніўся ў фэйсбуку да спрэчак вакол сумнавядомага Стралкова-Гіркіна. Мо таму спрычыніўся, што распачаў тыя спрэчкі даўні знаёмы, нават былы прыяцель і ў пэўным сэнсе калега.
«Скажу крамольную рэч, — піша былы прыяцель, праслухаўшы чарговую «экстранную заяву галоўнакамандуючага». І з усёй небяспечнай для ўласнай рэпутацыі шчырасцю прызнаецца: — Мне падабаецца Стралкоў-Гіркін. Я ўвогуле люблю вар’ятаў, што працуюць не за грошы, а за ідэю…»
Не, былы прыяцель не падзяляе «ідэю» Стралкова, але ставіцца да ягонай асобы з павагай. Як, напрыклад, да Чэ Гевары. Нават Мінін з Пажарскім з’явіліся ў тым жа рэчышчы…
Не буду пераказваць спрэчкі, што разгарнуліся амаль на два дні. Гэтаксама мала цікавіць мяне асоба Стралкова-Гіркіна, ягоныя, так бы мовіць, чалавечыя якасці. Мне зразумела злавесная, злачынная функцыя гэтага тыпа, і дастаткова. А вось тыпаж…
Падаецца мне, што гэты тыпаж я зведаў, калі вайной ва Украіне і не пахла.
Пахла вялікім баблом. Тым самым, што не пахне…
Позняй студзеньскай ноччу 2006 года гэты пах дасягнуў апошняга, сёмага, паверха старога будынка, дзе месцілася рэдакцыя ці не самай буйной па тых часах газеты «Труд». Рэдакцыйны фотакарэспандэнт Саша расказаў аднойчы, як у пакойчыку, дзе ён працаваў далёка за поўнач, рыпнулі дзверы, прасунулася адна рука са свечкай, потым другая, трэцяя, і пачулася ціхае мармытанне. «Містыка! — засмяяўся Валодзя. — Уяві сабе: галоўны рэдактар, банкір, што прыбраў будынак разам з газетай, і поп з барадой і ў расе абыходзяць са свечкамі ўсе паверхі і пакоі, увесь велізарны цёмны будынак… Асвячаюць…»
Па сутнасці, гэта быў захоп. З маўклівай згоды раптам пабагацелага кіраўніцтва. Бо будынак у самым цэнтры Масквы хутка быў перапрададзены з наварам у 600 працэнтаў. Па чутках, зразумела, па чутках…
На той час я рэдагаваў «Труд» у Беларусі», увесь працэс руйнавання маскоўскай газеты прайшоў і праз мяне: ад звальнення ўсіх яе супрацоўнікаў і з’яўлення на розных пасадах людзей, ані з якога боку не датычных журналістыкі і газетнай справы. Як правіла, гэта былі людзі з расійскай правінцыі, за два гады іх змянілася шмат. Пэўны час я таксама верыў у нібыта іх ідэю выратаваць ад банкруцтва любімую газету працоўных. Пакуль не зразумеў, што імі рухала адна мэта — прысмактацца да грашовага ручая, насмактацца і зацвердзіцца ў Маскве…
Забойцы? Безумоўна. Бо газета была забіта і ў рэшце рэшт кінута, нібы костка, іншаму ўладальніку… І, па сутнасці, сёння яе няма, адное што сайт і сёе-тое на паперы…
Падаецца мне, што стралковы-гіркіны — гэта і ёсць тыпаж цынічных забойцаў чаго заўгодна і каго заўгодна.
Генерацыя, што народжана (ці адроджана?) уладараннем Пуціна, ягоныя, так бы мовіць, «тыгры», якія сёння пад выглядам змагання за смяротную ідэю так званага «рускага свету» спакушаюцца на пах бабла і крыві, заўжды гатовыя адарваць і зжэрці кавалак чужой плоці…
Ці ж дарма Пуцін так лашчыцца да гэтых драпежнікаў?!
…Але вернемся да ідэі. Раптам памыляюся, і стралковы-гіркіны сапраўды бескарыслівыя ідэалісты-рамантыкі, на чым настойвае мой былы прыяцель, хай сабе і звар’яцелыя… «А як тады ставіцца да Акуджавы з ягонымі пыльнымі камісарамі? — запытальна ўсклікае ён напрыканцы згаданай спрэчкі. — І як ставіцца да саміх камісараў? Яны што — усе халодныя забойцы?.. Гэта ўсё людзі аднаго складу, змагары за ідэю. Стралкоў і ў Сербію ездзіў за ёй, і ў Чачэнію…» Так, адказаў я, не ўсе халодныя, былі і гарачыя…
Але навошта ж ён так, пра Акуджаву? Ізноў у вушах загучала мелодыя, знаёмая аж з 1957 года: «…Я все равно паду на той, на той единственной гражданской, и комиссары в пыльных шлемах склонятся молча надо мной»…
Ён так не хацеў паміраць, герой акуджаваўскага «Сентыментальнага маршу» — «…не для меня земля сырая…» Але ж загінуў. А камісары, змагары за ідэю, вечна жывыя.
…Данеслася звестка: для ўдзелу ў парадзе на Дзень незалежнасці ў Мінск прыпаўзлі «тыгры» — новыя расейскія вайсковыя бронемашыны.
Будзе аркестр, будзе марш…
Вельмі сентыментальны.