У Данецку загінуў журналіст расійскага Першага канала

68-гадовы аператар страціў жыццё падчас паездкі да адной з украінскіх часцей, якія спрабуюць захапіць баевікі.

30.06.2014 / 09:44

«Гэтай ноччу ў Данецку загінуў наш калега, аператар Першага канала Анатоль Клён, — гаворыцца ў паведамленні тэлеканала. — Трагедыя адбылася побач з адной з вайсковых частак, куды здымачная група прыехала рабіць чарговы рэпартаж».

Паездка да вайсковай часткі нумар 1428, размешчанай пад Аўдзееўкай, за 15 кіламетраў ад Данецка, была арганізавана прэс-службай самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі» (ДНР), як перадае Першы канал.

Журналісты ехалі ў аўтобусе разам з мамамі салдат тэрміновай службы, якіх сабралі баевікі, каб з іх дапамогай дабіцца, каб байцы пакінулі свае пазіцыі.

Канал не паведамляе поўнай карціны падзей.

Вядома, што за апошнюю ноч замірэння баевікі тройчы адкрывалі агонь. Усяго за апошнія 48 гадзін загінулі 5 украінскіх вайскоўцаў і больш за дзесяць было паранена.

СГ