Смерць хлопчыка ў Гомельскім раёне стала вынікам службовай халатнасці
Завершана праверка смерці малалетняга.
30.06.2014 / 11:39
19 красавіка дзіця звалілася ў ачышчальнае збудаванне і патанула. Цяпер заведзена крымінальная справа на службовую асобу фірмы, на тэрыторыі якой здарылася трагедыя. Яе вінавацяць у службовай халатнасці.
«Следствам выяўлена, што ачышчальныя збудаванні, якія знаходзяцца на тэрыторыі ТАА «Гомель-Лада», працяглы час не эксплуатаваліся. Аднак аб’ект не быў закансерваваны. Не былі прынятыя меры да ўстаноўкі агароджы, што перашкодзіла б доступу да рэзервуара»,
— паведаміла прадстаўнік УСК па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава.
Нагадаем, у той дзень бацька з сынам заехаў на аўтарынак на 9-м км Чарнігаўскай шашы. Пакуль мужчына набываў запчасткі, хлопчык адышоўся. Калі яго пачалі шукаць, цела дзіцяці ўбачылі ў вадзе. Дастаць сам бацька яго не здолеў — было глыбака. Давялося выклікаць ратавальнікаў.