Мілінкевіч атрымаў прэмію Свабоды
Узнагарода прысуджаецца асобам, якія зрабілі выбітны ўнёсак у справу абароны правоў чалавека і палітычных свабодаў.
19.11.2007 / 10:54
Аляксандар Мілінкевіч |
16 лістапада ў Гамбурзе
— Прысуджэнне прэміі Свабоды Ліберальнага Інтэрнацыянала — гэта вельмі важнае міжнароднае прызнанне дзейнасці беларускіх дэмакратычных сілаў, дзейнасці па адстойванні правоў чалавека і па распаўсюду дэмакратычных каштоўнасцяў у нашай краіне, — адзначыў Аляксандр Мілінкевіч. — Я вельмі цаню тое, што сусветны саюз ліберальных партыяў падтрымлівае нашы памкненні ў дэмакратызацыі і еўрапеізацыі Беларусі. Ваша падтрымка мае для нас вялікае значэнне.
А.Мілінкевіч выказаў упэўненасць, што
«ў хуткім часе будзе магчымасць пераканаць усіх песімістаў, што Беларусь можа быць свабоднай, дэмакратычнай краінай адказных грамадзянаў, якім не патрэбныя ні сённяшнія, ні іншыя аўтарытарныя валадары, не кажучы ўжо пра тое, каб іх увогуле трэба было б прыдумваць».
У папярэднія гады прэмію Свабоды Ліберальнага Інтэрнацыяналу атрымалі такія вядомыя палітыкі, як чэскі прэзідэнт Вацлаў Гавэл, міністр замежных справаў Германіі Ганс‑Дзітрых Геншэр, лідэр расейскай партыі «Яблоко» Рыгор Яўлінскі, прэзідэнт Эстоніі Ленарт Мэры і прэм’ер‑міністр Пакістану Бэназір Бхута.